Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/95

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— З царом?.. Хэ-хэ…

— Ну ён не казаў з царом, а з радаю. У рады, значыцца, тое самае, што і з гэтаю нямецкаю ўладаю. У адзін, значыцца, бок накіроўваецца іхняе кіраўніцтва народам: у нямецкае ўлады — нямецкім народам, а ў беларускае рады — беларускім. Гэтак ён і гаварыў раз на сходзе перад усімі, як толькі прышлі нямцы. А нямцы як адышлі і зноў таварышы прышлі, дык ён тады і зьявіўся як відук у плоце. Маўчаў і духу ня ўказваў. Пабыў крыху, а пасьля зусім зьехаў недзе, адно сям’я засталася. Сын яго, што некалі ў прыстава за пісара быў, ваяваць пайшоў за Расію. І цяпер недзе ваюе ўсё. А тут як палякі прышлі, дык і ён зноў явіўся. За старшыню ён цяпер не астаўся, а за войта зрабіўся Мазавецкі. Чэрці яго ведаюць, які рухавы зрабіўся! Як памаладзеў усё адно. Аднекуль раскапаў, што ён ня проста Мазавецкі, а Грак-Мазавецкі. Паны падвойныя прозьвішчы маюць, дык і ён знайшоў, што бацькі яго, ці дзяды так сама ў дзьве столкі зваліся. Пан войт Грак-Мазавецкі, значыцца. От цяпер і пачалася самая бяда. Што-ж, пасьля нямцоў мы зноў за маёнткі і за зямлю ўзяліся. Зноў адрабляць гэтым хаўрусьнікам пакінулі. Не дацяглі і да канца. Дык цяпер яшчэ мадарней стала як за нямцамі было. За ўсё дзякуюць нам — і за зямлю, і за маёнтак, і за Мазавецкага з Сурвілам, і за папоўскую сенажаць, што скасілі… А божа мой, божа, духі занялі. Гэтаму небараку, старому Гушку, Адасёваму бацьку, дык яшчэ за сына бяда. Цэлую зіму праседзеў у астрозе, нейк вырабіўся адтуль і ўсё яшчэ баіцца, што зноў забяруць. Не начуе ў хаце, прыхоўваецца. Мяне таксама цяглі за сына Паўла, і ўсё цераз Мазавецкага. Гэта што сын ахвотнікам ваяваць пайшоў з палякамі! Дык от на маю галаву і набегла ўсё. Усё як сабралася разам, дык цяпер сьвет чорны здаецца. Гэта як было. На тым тыдні яшчэ, я ўжо і лік дзён згубіў, сам Мазавецкі прышоў у двор да мяне — у фурманку мяне гнаць. А везьці трэ было нейкае збожжа з пастарунку на чыгунку. Я прасіцца, я маліцца — што ў мяне і конь слабейшы як у каго, што і з хаты мне няма ад каго. А ён — хоць ты яму што хочаш. І гэтакае слова ён мне сказаў — няма, кажа, табе ад каго, чаму-ж сын не сядзіць дома, а за бальшавікоў ваяваць пайшоў? От я і паехаў. На чыгунцы скінуў збожжа, а там салдаты іхнія пагналі мяне далей. Завёз іх, а там другія яшчэ далей