Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/94

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

аддавалі. Па дзесяціне, па дзьве на хату зямлі тае, а бяды — дык каб ім абодвым, разам з панам, праз бок вылезла…

— Ага, дык гэта ў вас?.. Чуў я пра гэтую справу… Дык што-ж цяпер?

— А цяпер тое, што мы, уся значыцца вёска, да рэвалюцыі ня выплацілі ўсяго ім за зямлю. А як прышла рэвалюца, дык мы і плаціць пакінулі. Начорта тады плаціць, калі да таго ісьці павінна было, што зямля і так пад народ павінна была пайсьці. Гэтак і было, мы такі засеялі былі з маёнтку кавалак зямлі і нам ніхто слова не сказаў. Памаглі нават яшчэ. А чаму? А таму, што гэта ўжо была другая рэвалюца. Ой які быў час! Тады ў нашым горадзе за старшыню раўкому быў наш чалавек — Адась Гушка. От ён усё гэтак і накіроўваў, каб усе правы рэвалюца нам давала. Сурвілу і Мазавецкаму мы, значыцца, пакінулі адробліваць. І так папарабілі! Панскі маёнтак, што яшчэ астаўся ў яго як радавітае кодлішча, зачапілі. Усе мы там гуртам былі. Сам пан ледзьве пасьпеў пяты падмазаць… Ну, значыцца, гэта ўсё, я-ж кажу, вельмі за гэта нашы людзі узяліся, як адбылася ўвосень другая рэвалюцыя. А тут неўзабаве немцы нахапіліся. Ураджай то мы тады мелі добры, пан вярнуўся спаганяць з нас за маёнтак. Колькі там чаго не далічыўся з маёнтку, а рэшту сам прыдумаў, чаго можа і ня было ў яго, от мы ўсе і выплацілі пад бізуном. Усё пайшло як і было: той самы старшыня сеў, што і раней быў: Сурвіла. Гэтак сама націснуў ён на нас, каб зноў яму ўсёй вёскай адроблівалі. І рабілі, што мы маглі парадзіць. А гэтакі-ж ён асэсар раптам стаў. Бывала дык перад людзьмі, колькі я і памятаю яго, ня лішне ёмкі на язык быў, а гэта гэтакую прамову закаціць мог! Страх! Дзе ён гэтак, калі патарэбна стала, і гаварыць навучыўся! Старшыня раўкому ў горадзе бывала, Адась Гушка, калі скажа перад людзьмі, дык здаецца няжывога на ногі словам узьніме. Дык і Сурвіла, як нагледзеўшыся ўсё-адно, пачаў гаварыць. Адно што ў другі бок, гад гэты. То ён усё спачатку, як толькі стала рэвалюцыя, бедаваў, што прапала ўсё на сьвеце, то раптам, як прышлі нямцы, пачаў гаварыць, што нямцы, вядома, чужы народ, але мы беларусы і ў нас ёсьць недзе там нейкая беларуская рада. Што яна, як прышлі нямцы, прывітала нямецкага цара Вільгельма і мы ўсе, весь значыцца беларускі народ, павінны гэта самае рабіць, бо ў нас адны інтарэсы.