Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/91

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

і горад зноў на дэмонстрацыю. Зараз-жа сялянства няхай бярэ сабе царкоўную і маёнткавую зямлю…

Паседжаньне зацягнулася да поўначы. Гарадзкія людзі з яго пайшлі ў горад. Стары Леапольд Гушка вывеў іх на гасьцінец. Ён ужо хацеў павярнуць назад да хаты, як убачыў, што дарогаю проста на яго ідзе чалавек. Ён пастаяў і пазнаў Сурвілу.

— Гэта вы, суседзе?

— Я.

— А я забавіўся ў горадзе. Толькі што іду. Нашы паехалі раней, а я астаўся… От дык сын твой! Ён што, чаго ён хоча? Яму равалюца не падабаецца? Ужо-ж каму як не яму патрэбна гэтая равалюца!

— Ну ды ён-жа рэволюцыі і дамагаецца.

— Дамагаецца! Добра дамагаецца! Але праўда, што яму тутэйшчына! Па іх няхай сабе хоць немцы тут заўладаюць, яму ўсё адно. У ім-жа чужацкая кроў: па бацьку, па табе гэта я кажу…

— Але! У мяне чужацкая кроў. Дык што-ж! За парабка быць, дык тады абы якая кроў добра, а калі ярмо з шыі скінуць, дык на гэта трэба мець тутэйшую кроў!?

Леапольд Гушка павярнуўся і пайшоў дадому. Сурвіла астаўся стаяць на дарозе. Ён прастояў пакуль Гушкава постаць не схавалася ў чарнаце каржакаватага хвойніку. Тады ён пайшоў у той-жа бок, прайшоў паўз хвойнік, пасьля яшчэ раз вярнуўся, вымераў крокамі шырыню палетка, пасьля акінуў вокам Гушкаву хату і замармытаў сабе пад нос, падаючыся да вёскі:

— Чэрці яго бяры, з Гушкам разам. Няхай сабе сядзіць, цяпер ня трэба яго спорваць. Выгараджу тут ад яго і канчацьму дом. Лесу цяпер падхаплю і так, няхай сабе сякуць — і мне будзе. А пан — халера яго бяры. Абы хутар забудаваць, а тады — няхай сабе хоць дзесяць равалюцаў робяць, хоць падушаць гэтых паноў. Такі і праўда, што маёнткі, ліха ім, мелі, а мужык так сядзеў. Няхай сабе і Гушка грабе зямлю і робіцца хоць за фальваркоўца. Я яму не даю, ці што?..

Ён мармытаў, пакуль ня прышоў у вёску, і ўсё азіраўся на зруб свайго няскончанага дому, што бялеў перад хвойнікам.