Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/90

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ўсё Адася Гушку. Адась Гушка гэта ведаў ужо адразу. Дэмонстрацыя пайшла па вуліцах і ён ішоў на чале яе: ён ведаў, што яго цяпер, перад народам, ня возьмуць. Яго возьмуць аднаго калі-небудзь уночы. Пра гэта ён цяпер пакуль што ня думаў. Ён яшчэ сказаў прамову перад дэмонстрацыяй на вуліцы, дзе яна выходзіць на касьцельны пляц. На ратушавы пляц, куды пасьля гэтага пайшла зноў дэмонстрацыя, ён ужо не пайшоў. Ён адно сказаў свайму таварышу дзе і калі сабрацца ўсім, а сам пастараўся пакінуць цяпер дэмонстрацыю. Яна скончылася без яго, хваляваньне ў гарадку было да самага вечара, пакуль народ, ня стаў разыходзіцца па хатах, а сяляне разьяжджацца. Пакуль што яшчэ не пасьпелі даць загаду глядзець, дзе ён будзе да ночы пасьля дэмонстрацыі і ён пайшоў проста за горад з касьцельнага пляцу. Ён ішоў нацянькі кілёмэтраў з пяць, пакуль ня вышаў на гасьцінец. А тут ужо пайшоў проста. Так што калі стары Леапольд Гушка прышоў дадому, як ужо ўмеркла, ён застаў дома свайго Адася.

— Відаць яны пачуваюць тут сябе моцна. А калі і не, дык стараюцца стварыць гэты мацунак і напэўна захочуць што-небудзь зрабіць са мною. Яны спадзяюцца на моц часовага ўраду…

Леапольд Гушка адно сказаў:

— Не даждуць.

І гэтым усё сваё выказаў. Тут ён ужо быў увесь. З таго моманту як выслухаў ён Адасеву прамову ў ратушы, яму стала ясна ўсё. Нічога іншага ўжо ня было ў яго.

Тымчасам позна ўвечары ў гэтую хату на ўзбалоцьці пачалі прыходзіць людзі. Перш за ўсё прышлі Антусь з Эдварам Лявэрам — палонныя цяпер жылі дзе хто хацеў і Лявэр жыў ужо тут. Яго прывёў сюды Антусь, калі спынілася работа на пільні.

Пасьля прышло сюды яшчэ некалькі чалавек, усё незнаёмыя Леапольду. Два былі ў салдацкай адзежы, тры ў цывільнай. Яны паселі ў сенцах, Лявэр і Антусь асталіся пры іх, а пасьля прышоў паслухаць і Леапольд Гушка. Так пачалося паседжаньне прэзыдыуму савету дэпутатаў. Тут гаварылі, што рабіць далей.

— Мусіць цяпер ня ўдасца надрукаваць новыя адозвы: цяпер, напэўна над саматужнаю гарадзкою друкарняю будзе контроль. Будзе можа проста загад ўласьніку нічога іншага не друкаваць. І калі ня будзе адозваў, ад рукі напісаць іх і выклікаць вёскі