Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/89

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

хто не стаяў пад хорамі, з яго ня зводзілі вачэй. Нарэшце ў прэзыдыуме зашапталіся, у залі, у першых крэслах замахалі рукамі, Стафан Марцынкевіч усхапіўся з свайго месца, азірнуўся на залю, падняў руку, гатовы штосьці выгукнуць. Але ў гэты момант Адась Гушка дайшоў да фіналу свае прамовы:

— Калі скідалі цара, дык дагаварваліся з ім? Калі рабілі рэволюцыю, дык дагаварваліся з тымі, супроць каго рэволюцыю рабілі? Не. А тут хочуць, каб мы дагаварваліся з тымі, ад каго рэволюцыя павінна адабраць тыя правы, якія яны мелі заўсёды, і перадаць гэтыя правы нам, правы, якіх мы ніколі ня мелі, гібеючы век як ў астрожных ланцугох!.. Ад імя савету рабочых, парабчанскіх, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў абвяшчаю гэты конгрэс незаконным і скончаным цяпер-жа. Таварышы, пакідайце ратушу, зараз-жа выходзьце адсюль, ня будзем тут больш, мы патрабуем зямлі зараз-жа, бяз ніякіх устаноўчых соймаў! Рэволюцыя адбылася і нам чакаць больш няма чаго!..

Натоўп загуў, загаманіў, рушыў да дзьвярэй. Натоўп лінуўся на пляц. Людзкая хваля панесла на сабе адсюль і тых, хто яшчэ ў гэты-ж самы момант мерыўся не пакідаць залі і ўпарта канчаць конгрэс. У залі асталося ўсяго некалькі чалавек і прэзыдыум на сваёй эстрадзе. Адась Гушка сышоў з хораў вузкімі ўсходамі за калюмнамі. Натоўп хваляваўся на пляцы перад ратушаю. Раптам над людзьмі ўзьняўся чырвоны сьцяг, пасьля плякат з надпісамі. Натоўп расьцягнуўся ў дэмонстрацыю і Адась Гушка павёў яе па вузкіх, крывых вулічках гарадка.

І ў гэтай людзкой хвалі Леапольд Гушка ўбачыў непадалёку ад сябе Эдварда Лявэра: ён ішоў непадалёку ад сьцягу, разам з усімі, гэты палонны салдат «варожае» арміі, а з ім і яшчэ некалькі яго таварышоў. Сярод гэтых людзей, у гэтай справе, што гэтыя людзі тут цяпер рабілі, яны ўбачылі тыя берагі, да якіх імкнуліся з самага маленства свайго, пра якія марылі іхнія дзяды, бацькі. Да самага канца дэмонстрацыі, Леапольд Гушка бачыў усё перад сабою Эдварда Лявэра…



8. САВЕТ ДЭПУТАТАЎ

Ужо ў той дзень, калі яшчэ ня скончылася дэмонстрацыя, тая «рэволюцыйная ўлада», што асталася пасьля конгрэсу на эстрадзе, там-жа згаварылася арыштаваць савет дэпутатаў і перш за