Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

песеньку, ці што іншае — адным словам ён хадзіў тут і ціхенька сьпяваў, зрабіўшы раптам вынаходзтва, што сухая зямля, мяккая ад хвойных голак, і моху, цёплая ад сонца, прыемна можа грэць босыя ногі. Гэта было ўжо тады, калі на гэтай зямлі, праз колькі год ужо, корпаўся чалавек. Тут якраз гэты чалавек і нагадзіўся на папоўскія вочы. Ён браўся за сваю работу.

— Памажы божа, — сказаў папок.

Чалавек зьняў шапку і скланіўся:

— Дзякую, ойча.

— Рай зямны, — сказаў папок, азіраючыся навокал і прагнучы добрым словам памагчы чалавеку ўзараць загон - птушкі сьпяваюць, бога хваляць, усялякае, значыцца, стварэньне…

— Але, але, ойча.

— Усялякае, значыцца, стварэньне, — ня сьціхаў папок, разамлелы ад сонца і салодкага спачынку і поўны жаданьня ўсхваліць бога за яго вялікія міласэрднасьці да гэтага аратага, — усялякае стварэньне, — папок пачухаў нагою аб нагу, — «хвалите его в кимволех доброгласьнех».

— Праўда, ойча.

Чалавек яшчэ раз зьняў шапку, яшчэ раз скланіўся і пачаў брацца за работу. Увёў каня ў пастронкі, прымайстраваўся і ўзяў у рукі пугу, каб частаваць ёю каня, гэтае, як папок казаў, божае стварэньне, а сам гатовы да чарговага націраньня крывавых мазалёў і да сёмага поту пад зрэбнаю сарочкаю. Неўзабаве, як і заўсёды за гэтаю работаю, на ўсю разлегласьць чуцён быў ягоны цяжкі, зямлісты голас: «но, но, малы! Куды! Но!» Зараз-жа пастронкі напяліся як струны, раскудзеленыя вузлы на іх шморгаліся па конскіх бакох (кожны дзень па разы тры пастронкі рваліся), конскія рэбры пачалі хадзіць пад скураю, пара павярнула з шыі гэтага божага стварэньня і яшчэ больш у яго вытыркалі лапаткі, косьці на крыжы і вострая сьпіна. Мухі раіліся ля яго гнойных вачэй — конь, небарак, быў сьляпы.

Гаспадар усё цегавіта і цярпліва, як вол у ярме, пагукваў на свайго каня, конь пяўся, выцягаўся як мокрая п’яўка. Гэтак яны ўдвух поўзалі па гэтай камяніцы, аж пакуль ня прыгнуўся сашнік, скрыгануўшы аб падземны камень і не парваўся пастронак. Конь, відаць, прывык даўно да гэтае радасьці: ён адразу спрытна, не па гадох і сіле сваёй, падаўся назад, але раптам зноў зьвяў. Пакуль сабраўся нагнуцца і, уціснуўшы ў зямлю