Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Поле па той бок хвойніку роўнае, добрае; калі ў каго ёсьць каму, як і чым урабіць яго, і калі яшчэ яго ёсьць колькі трэба, дык яно табе ў сто столак верне. Але бяда была што траха ня ўвесь гэты абшар панскі. Сяляне абселіся па гэты бок хвойніку. Тут таксама зямля не сказаць каб самая горшая была як дзе ў гэтай мясцовасьці, адно што падроблена яна на мышыныя загончыкі: народ размножваўся, без дзяльбы, калі ў каго і было поля ўмеру, ня жылі. Спрадвеку людзі дзяліліся.

На панскіх і на княжых абшарах, дзе зямля горшая, там запушчаны лясы, а тут — і гляіца, і камяніца, і добрая зямля — усё пайшло ў загоны. Тут сяляне туляцца адзін да аднаго як апенькі на трухлявым пні — лыка, шарачак, бруд ў зрэбных кашулях; пот, мазалі і ані званьня прасьветлае гадзіны. Пад сялян гэтыя горшыя кавалкі зямлі пайшлі тады, калі была скасавана паншчына і цар з панамі затыкалі мужычае горла. Тую-ж дробную дзяляначку, з якое я пачаў гэтае апавяданьне, нават і пан з царом нікому не адважыліся даць: гэтакая ўжо там нядоля павінна была, няйначай, спасьцігнуць кожнага. Так спрадвеку гэты кавалачак і пуставаў, урэзаўшыся адным бокам у сялянскія загоны, а другім у панскі палетак. Ён нібыта лічыўся панскі, але, разам з тым, і сяляне тут жывёлу сьмела пасьвілі, і сівец касілі. А пасьля неяк пан абводзіў з каморнікам свае межы і тут ужо як мае быць далучыў да сябе гэты куток. Паставілі капёж і цяпер ужо ніхто сюды ня меў права паткнуцца. Так ён і марнеў гэты кавалак без карысьці, нават жывёлу на ім ня пасьвілі; сам, значыцца, ня гам, і другому ня дам. На ўзгорку ля каменьня расьлі палыны, на ўзьлеску цьвілі верасы, на прадвесьні адгэтуль на ўзбалоцьце сьцякалі каламутныя ручаіны сьнегавое вады: каршачкі падпільноўвалі дробных птушак, зайцы папстрыквалі цыбамі, калі браліся з княжага поля ўдодні да дзеннае свае дрымоты, уначы ваўкі стрыглі зьверху вачыма лог. У сонечныя дні, вясною ці ўлетку, на ўзьлеску, высланая за доўгія гады хвойнымі голкамі, зямля добра награецца сонцам.

Раз тут спацыраваў хударлявы папок з таго самага гарадка. У сухім сонечным цяпле ён прысеў пад хвойкаю адпачыць. Ён скінуў боты і грэў ногі. Пасьля пачаў павольненька, каб не пакалоць ног, прахаджвацца ўзад і ўперад па сьцежцы. Ці ён які псальм мармытаў сабе пад нос, танклявым бабскім галаском, ці мо’ успамінаў якую-небудзь, з юнацкіх яшчэ год сваіх, сэмінарскую