Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

губы, згрызьці травы, доўга стаяў, аддыхваючыся і спусьціўшы мысу пад свае ногі. Адна нага папстрыквала ў калені, сама па сабе, як на спружыне, пакуль ён не аддыхаўся. Гаспадар, угнуўшыся зьвязваў пастронак. Пасьля, падняўшы плуг і ўпёршы яго ў камень сашніком, пачаў біць другім каменем зьверху: адгінаў. Ён стараўся як мага шпарчэй зрабіць гэта: сонца стаяла высока, недалёка было да паўдня, а ён усяго некалькі разоў прайшоў з плугам. Неўзабаве ён зноў прычапіў плуг да барка і адарваў каня ад салодкага забыцьця. Цяпер яны прайшлі ўсяго адзін раз, і то не да канца: конь ня браў больш. Гаспадар выцягнуў плуг з зямлі і пусьціў плытчэй. Конскіх сіл хапіла на тое, каб паволі паўзьці, але пастронак зноў трэснуў. Араты абліваўся потам. Ён сарваў з галавы шапку і кінуў на зямлю. Пасьля скінуў з сябе камізэльку. Конь зноў павярнуўся ўбок грызьці траву. Гаспадар згарнуў рукі: «божа, божа». Але праз хвіліну ён ужо звыкла абкручваў анучаю на пастронку вузлы каб ня муляла ў конскія бакі. Ён азірнуўся. Да попіка пад’ехала малюпаценькая аднаконная брычачка, хлапчук падганяў гульлівага каня. Ойча духоўны паехаў на спрытным жарэбчыку з спацыру дадому ў гарадок. Жарэбчык падбрыкваў. У гарадку раптам у касьцёле засьпявалі званы — мусіць адпраўлялася імша, або каго хавалі. Чалавек перажагнаўся на далёкія меставыя вежы з крыжамі, павольна абцёр рукавом з ілба пот і ўзяўся за работу.

Так яго дзень пры дні бачылі як ён варушыўся, клапаціўся, тупаў. Але ён ня быў трапяткі. Ён быў высокі, у плячах крыху камляваты. Здаецца, нават, на першы погляд, павольны. Цегавіты. На нагах ён стаяў моцна. Ці сонца грэла, ці вецер дзьмуў, ён усё варушыўся на гэтай дзялянцы. Пачынаў ён работу ў шапцы і камізэльцы, канчаў з голаю галавою і ў зрэбнай аднэй кашулі.

Ён явіўся тут неяк адразу. Успомнілі, што твар гэты быў некаторым людзям тут знаёмы. Яго і раней некаторыя спатыкалі ў гарадку. Хтосьці ўспомніў, што раз бачыў, як ён выходзіў у нядзелю пасьля імшы з касьцёлу; другі бачыў яго на месьце: ён глядзеў як гаспадар прадаваў карову…

Калі ўсё гэта рабілася, ён ня быў яшчэ сівы. Валасы кучаравіліся з пад шапкі, суконная гаспадарская жакетка сядзела ў сьвята на ім хоць ня гладка, але і ня кепска: мясцовы кравец (ня той, што абшываў паноў і падпанкаў, а той, што меў справу