Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/88

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

праўда», «праўду кажа» — ён сам запляскаў у далоні і ўвесь, можна сказаць, натоўп за ім. Няміра больш не гаварыў. Тады з свайго месца, адно крыху ўзьняўшыся, віснуў папок:

— Надо сказать одкрыто, Россія на краю гібелі, і перад внешнім врагом, і перад внутреннім. Мы Росію погубім, есьлі ў нас будет всё делацца так, как зьдзесь цепер. Нам надо быць гражданамі свабоднай Россіі, а не талпой какога-то неорганізованага зброда…

Ён гэта выпаліў, вывішчаў нейк раптам і мусіць адчуў, што пагарачыўся, што лішняе сказаў. Тут ён пачаў узьбягаць на эстраду, але скрозь ужо махалі рукамі, крычалі, ня слухалі. Усе пачулі толькі яшчэ Няміраў голас:

— Дзіва якое, што тут гэтак будуць гаварыць! Калі-ж сядзіць унь у першых крэслах той самы пан, які дзесяць мужыкоў цаніў таней за аднаго шчанюка.

Тут гучны голас прымусіў усіх змоўкнуць адразу: голас загучэў дзесьці зьверху, з хораў; Леаполвд Гушка пазнаў голас свайго Адася.

— Таварышы, — гукаў Адась Гушка, — што мы тут чулі і што бачылі? Ня думайце, што тут яны не законна, будзем так гаварыць, гавораць! Яны гавораць ад імя часовага ўраду. А хто гаворыць? Унь бачу я пана з белымі вусамі ў першых крэслах, які з нашага мазаля жыў у зямным сваім раі. Унь мы чулі княжага абаронцу, лёкая ці як ён там у замку Марцынкевіча. Мы чулі айца духоўнага, які, бачыце-ж самі, як спрытна грае ў дудку таго, хто ня хоча зямлі адаць таму, хто на ёй робіць. Дык от мы бачым хто сабраў нас сёньня сюды, каб угаварваць нас не чапаць зямлі, нічога ня зьменьваць, каб усё было гэтак, як і раней, адно што калі раней поліцэйскі не даваў нам узяць панскую зямлю, дык цяпер стараюцца зрабіць, каб мы самі добраахвотна не чапалі гэтае зямлі. Таварышы рабочыя, сяляне, парабкі, салдаты! Хто нас гнаў ваяваць? От гэтыя якраз, хто цяпер тут стараецца ўгаварыць нас!..

Адась Гушка гаварыў гэтак моцна, што ўсё было чуваць нават на пляцы перад ратушаю. У самай ратушы і ля яе было гэтак ціха, што здавалася тут няма аніводнага чалавека. Натоўп слухаў, твары жылі, вочы гарэлі, і ў тых, што маглі цяпер зрабіць усё, што толькі кажа Адась Гушка, і ў тых, што сашчаміўшы зубы паглядалі на гэтага маладога салдата на нізкіх, старасьвецкіх хорах. Ён там навіс цёраз балясы над заляю, яго ўсе бачылі