Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/87

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— …Я ад каго гавару? Я гавару ад сябе. Я пан? Я князь? Я магнат? Хто гэта скажа?! Я панскі слуга, а свайго нічога ня маю. Я гэтакі самы, можна сказаць, парабак…

— Ого, дзіва што ты парабак! — гукнуў хтосьці з натоўпу.

— Да парадку, грамадзяне! — сказалі з прэзыдыуму.

— Што-ж бо ён тут пнецца. Да чаго гэта ён гаворыць. Вось ўжо каторую пору слухаем гэтыя казкі: парадак, парадак патрэбен, а які парадак. Каб пан гэтак сама як і раней сядзеў у сваім маёнтку?

— А дзе-ж ён будзе сядзець! — узгарэўся раптам Стафан Марцынкевіч, — у віры ўніз галавою, ці што ён павінен сядзець?

—— А што-ж, каб я там сядзеў? Ня мала я папасядзеў там за свой век! Няхай цяпер ён паспрабуе як смачна!

Леапольд Гушка азірнуўся: гэта-ж гукаў з свайго месца стары Няміра, сяляне, што стаялі ля яго, загулі:

— Праўда, праўда!…

— Можа і праўда, — пайшоў на манэўр Марцынкевіч, — але нам трэба ў парадку прычакаць устаноўчага сойму, тады, закон установіць як рабіць з зямлёю, з лясамі, з маёнткамі і што тады астанецца пану, а што пойдзе пад народ.

— Ага, от які, — гукнуў раптам другі голас, перарываючы Марцынкевіча, які на гэтым скончыў, бачачы, што яму ўжо не дадуць гаварыць.

Леапольд Гушка пазнаў голас Паўла Няміры і ўбачыў, як ён паціснуўся праз натоўп да эстрады. Там ён узышоў на першую дошку ўсходаў і пачаў гаварыць:

— Значыцца, пан Марцынкевіч яшчэ спадзяецца, што нешта там пану павінна астацца, а нешта там выдзеляць народу? Дык што гэта? Гэта рэволюцыя? А што калі на той устаноўчы сойм, як яны кажуць, мяне, ці другога гэтакага як я, не паклічуць, а паклічуць гэтага вось самага пана, ды яшчэ Марцынкевіча яму ў помач? Многа-ж ён тады выдзеліць мне зямлі! Тады ён зробіць гэтакі закон, пад якім наш брат ані пісьне. Што ён тут гаворыць, што трэба чакаць там нечага! Раз рэволюцыя, дык няма чаго чакаць. На дварэ вясна, трэба сеяць, дык і трэба зараз-жа пра зямлю пагаварыць, а не чакаць там нечага…

Яму ня далі скончыць радасныя сялянскія выгукі. Няміра стаяў і аглядаў залю. Пасьля бачачы, што сяляне гукаюць — «праўда,