Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/86

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

месца, як ля супроцьлеглай сьцяны стаялі Няміра з бацькам, як Няміра ўсё штосьці тлумачыў сваім аднавяскоўцам, што абступілі яго з усіх бакоў. Пасьля ён заўважыў свайго Антуся. Той сядзеў на крэслах, нешта ў сярэдзіне залі. Там ішла жывая гаворка. Некаторых з Антусёвых суседзяў Леапольд пазнаў: гэта Антусёвы таварышы з лесапільні, а то і так гарадзкія хлопцы — некаторых Леапольд Гушка ведаў. Натоўп стаяў і ў карыдоры, спускаўся па ўсходах проста на пляц.

Нарэшце пачалося.

Леапольд Гушка бачыў, як на эстрадзе зьявіліся людзі, як пачалі яны гаварыць, як гаварылі адзін за адным, як пасьля адзін з іх запрапанаваў народу гаварыць, як пачалі выходзіць з натоўпу некаторыя і праціскацца да эстрады… Але спачатку нічога ня чуў Леапольд Гушка. Яго ўвагу ўзяў на сябе стараваты чалавек у пярэдніх крэслах. Правая рука яго ляжала на рудым, прыгожа вытачаным кійку з манаграмамі, белыя вусы зьвешваліся ўніз. На ім быў чорны сурдут, а палітон ляжаў на каленях. Гэта быў той самы пан, колішні «яго, Гушкаў» пан. Леапольд Гушка за гэты час адвык думаць пра гэтага чалавека, а цяпер гэтае аблічча пеканула яму ў сэрца. Ён дагэтуль яшчэ ня зусім гладка разьбіраўся ў тым, што адбывалася: адбылася рэволюцыя, «народ ўзяў у рукі ўладу» — пра гэта скрозь гаварылі, а што гэта такое, як яно ўсё будзе? Ён чытаў і адозву, таксама ведаў, што гэтую адозву недзе ў гарадку, у савеце дэпутатаў, складаў яго Адась і ўяўляў сабе, што гэтае зборышча сёньня нейкім хітра прыдумана. Але выразнасьці тут у яго думках ня было. Яна стварылася цяпер, неўзабаве пасьля таго, як выступіў з гаворкаю на эстрадзе гарадзкі чалавек. Чалавека гэтага Леапольд Гушка ведаў: гэта быў нейкі там даглядчык нечага ў княжым замку, Стафан Марцынкевіч. Гушка ведаў нават дзе ён у гарадку жыве: у Замкавым прадмесьці стаяў новы дамок на высокай падмуры з паленае цэглы. Як толькі Стафан Марцынкевіч пачаў гаварыць, раз-по-разу пагладжваючы свае рыжыя, тонкія і доўгія, як пацукоў хвост, вусы, хтосьці раптам з натоўпу падаў голас:

— Чаго яшчэ гэты княжы падлізьнік вышаў тут выпінацца!

Марцынкевіч нібыта і ня чуў: ён адно глянуў у той бок і гаварыў: