Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/85

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ратушаю, у корыдорах, ля ганку, і на пляцы стаяла народная міліцыя.

Сурвільчык, у новенькай вайсковай форме (з нявычэрпных складаў «земскага саюзу»), вядома, ужо без пагонаў, прахаджваўся перад ратушаю.

Ужо ўвайшоўшы ў ратушу, льга было бачыць, што гэты збор людзей ня звычайны: тут былі людзі ўсіх кагэгорый, якія толькі былі і маглі быць у гарадку і навакол яго. Але найбольш кідалася ў вочы тое, што тут было шмат жанчын, і не гарадзкіх якіх-небудзь толькі, а найбольш сялянак: пасьля кірмашу, а таксама пасьля царквы і касьцёлу, адразу ўсе сюды і пайшлі.

Яшчэ за некалькі дзён да гэтага савет дэпутатаў выклеіў адозвы, што гэты конгрэс будзе нішто іншае, як спроба ўгаварыць сапраўдны працоўны народ адхіліцца ад сапраўднае рэволюцыі, бо той хто гэты конгрэс задумаў, баіцца гэтае сапраўднае рэволюцыі. Але разам з тым адозвы раілі пайсьці на гэты конгрэс і там паказаць, што такое рэволюцыя.

Цяпер народ тут, значыцца, быў усялякі. Гэта быў як-бы агляд сіл і тых і гэтых. Тут стаялі ў залі і крэслы, яны займалі большую палову залі: перад рэволюцыяй тут офіцэры наладжвалі свае зборышчы. Цяпер крэслаў гэтых, вядома, не хапіла. Народ стаяў скрозь, дзе толькі льга было стаць. Ціснуліся адзін да аднаго, ціснуліся да сьцен. Але ўсё-ж такі на першых радах крэслаў сядзелі гарадзкія тузы, мясцовыя паны, два ксяндзы. Таксама там пагладжваў шоўкавыя адвароты рукавоў параднае расы гарадзкі папок. Чаму яны апынуліся на першых месцах? Вельмі проста. Яны хоць і прышлі пазьней, можна сказаць, за ўсіх, але гэтыя месцы ня былі заняты: народ просты нёс яшчэ на сабе спадчыннасьць паганых вякоў: ён прывык заўсёды станавіцца дзе-небудзь адзаду, неўзаметку. Гэтакім парадкам заля напаўнялася ад дзьвярэй, натоўп адтуль выростаў да самае эстрады.

Дзесьці там, пад нізкай навісьцю старасьвецкіх хораў, стаяў, прыпёршыся да сьцяны, Леапольд Гушка, поплеч з Марылькаю. Ён моўчкі глядзеў як паўз яго ўсё праходзілі наперад людзі і займалі свае месцы, дзе льга яшчэ было стаць. Нарэшце ісьці ўжо ня было куды, стаялі гэтак шчыльна, што ніхто ня мог нават паварухнуцца. Леапольд Гушка, можна сказаць, быў вышэйшы на цэлую галаву за ўвесь натоўп. Ён бачыў з свайго