Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/84

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Перад самым конгрэсікам, Мазавецкі стаяў у натоўпе навакольных засьцянкоўцаў ля касьцёлу і чакаў канца імшы. Не зважаючы на тое, што за некалькі крокаў, у касьцёле адбывалася набажэнства, тут быў рогат: Мазавецкі расказваў пра «зьявы рэволюцыі ў гарадку», а калі што было ні ў гарадку, дык ён так і гаварыў, што гэта было, значыцца, у Менску, або ў Баранавічах…

— А то яшчэ гэтак было, — сьпяшаўся ён скончыць сваю гаворку, бачачы, што народ пачынае выходзіць з касьцёлу, — занатурыўся панскі фурман. Цяпер, кажа, рэволюцыя, усе роўныя, дык ты, кажа, пане, садзіся за фурмана, а я сяду на тваё месца ў фаэтон. Мала я цябе павазіў? Цяпер вязі ты мяне. Ну, пан, ці ведаеце, спакойна сабе садзіцца на козлы, а фурман лезе ў фаэтон. Куды везьці? — пытае пан. А туды, адказвае фурман, куды ты, пане, хацеў, каб я цябе вёз. Пан і пакіраваў коні. Ну, прыехалі. Злазь, кажа пан. Фурман зьлез. От сюды, кажа пан. Фурман увайшоў. Аж там некая канцаляра. Ну, садзіся, кажа пан да фурмана, ды разьбяры гэтыя паперы. Фурман аж вочы вылупіў. Што-ж, кажа пан, я тваю работу зрабіў, цяпер зрабі ты маю. Ня ўмею, кажа фурман. Не, рабі, сукін сын! — кажа пан. Дык фурман тады зьняў шапку, узяў у пана з рук пугу і сказаў — выбачайце, пане, я нявучаны на гэта. І палез на сваё месца, на козлы.

Шляхта зарагатала. Раптам голас разануў мазавецкага вуха.

— Пастаў ты фурмана на месца пана, дык і ён табе будзе вучоны.

— Як гэта?

— Як? Каб фурман меў гэтулькі маёнткаў як пан, дык ён можа-б яшчэ мадарней за пана быў-бы.

— А што-ж, — падтрымалі яшчэ галасы мазавецкага апонэнта. — Гавораць ліха ведае што, як малы. Дзіва што пан вучаны, а фурман ня вучаны…

Народ паплыў з касьцёлу, натоўп ля Мазавецкага раскідаўся. Народ сьпяшаўся на конгрэсік. Мазавецкі пайшоў таксама, вельмі нездаволены тым, што ня ўсе думаюць гэтак, як ён.

Конгрэсік меўся адбыцца ў вялікай залі ратушы. Там было паўнютка ўжо народу. Народ стаяў таксама і на пляцы перад