Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/83

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Мне крыўда. На што-ж я гэтакага клопату ўжыў, зямлю гэтую купляючы, на што-ж я гэтулькі грошай як сабаку ў зубы ткнуў, калі цяпер, пане мой, і так, кажуць, зямля павінна быць народная. Не. Гэта будзе няправільна. У рэволюцыю трэба каб былі ўсе роўныя, а ні то што адзін дарэмна зямлі награбе, і другому яна ў капеечку прышлася. Рэволюцыя павінна ўстанавіць права, закон і парадак, а ні то што як цяпер — лясы сякуць і ні ў кога ня пытаюцца. Калі рэволюцыя, дык трэба, каб пан лес народу прадаў за невялікую цану. От што.

Тая рэволюцыя кранула таксама і касьцёльныя амбоны і царкоўную катэдру: два гарадзкія ксяндзы заўсёды з абмону абвяшчалі народу, калі будзе які і пра што сход і за кім ісьці і каго слухаць на гэтым сходзе. Сухарлявы папок тое самае рабіў з царкоўнае катэдры.

І от адзін раз, ужо ўвесну, гэтакім парадкам было абвешчана, што зараз мае пачацца конгрэс усіх партый, якія ёсьць у гэтай мясцовасьці. Каб дагаварыцца і ўстанавіць парадак, з якім-бы льга было прычакаць усерасійскага ўстаноўчага сойму. Бо… І тут было выразна сказана, што сядзіць у гарадку нейкі савет дэпутатаў, нейкі саўдэп, на чале з Адасем Гушкам, які ня хоча ведаць што над усёй Расіяй (гаварыў папок, а ксяндзы сказалі «над усёй краінай») ёсьць часовы ўрад, якому народ даў абавязак давесьці краіну да гэтага ўстаноўчага сойму.

Была вясна. Сьнег даўно сышоў, цёплыя дні жывілі зямлю, народ зьбіраўся выходзіць у поле. Конгрэс назначылі на нядзелю, ён павінен быў пачацца пасьля паўдня. У той дзень ксяндзы і папок управіліся скончыць адправу раней як заўсёды, каб адразу по’ імшы з народам рушыць на гэты конгрэс.

Конгрэс гэты астаўся ў памяці тутэйшых людзей з назваю «конгрэсік». Гэтак ахрысьціў яго, сам таго ня хочачы, Мазавецкі. Яны з Сурвілам нешта за тыдзень яшчэ да гэтага ўсё тлумачылі людзям, што трэба ўсім быць на гэтым зборы.

— Такі, знаеце, конгрэсік у горадзе робяць, — сказаў Мазавецкі на вёсцы, прышоўшы з касьцёлу.

З таго моманту сяляне і гаварылі «конгрэсік», некаторыя нават казалі — «Мазавецкага конгрэсік». Але гэта ўжо гаварылі пасьля самога конгрэсіку, калі ведалі ўжо, што гэта была за штука.