Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/82

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

нават і дробныя засьцянкоўцы, можна сказаць беднякі, не заўсёды маглі зразумець, з якога боку ім павінна сонца ўсходзіць, а як сьляпыя маглі часамі ісьці нават хоць-бы сабе і за панам, з тэй прычыны толькі, што пан, як і яны, каталікі. Тут машына працавала на ўсе застаўкі, два ксяндзы адразу ўзялі гэтую засьцянковую масу ў работу. Яны віталі рэволюцыю, агітавалі за яе нават з касьцёльных амбонаў. Але за якую рэволюцыю і куды яны яе хілілі?

На ратушы ўзьвіваўся чырвоны сьцяг, узьняты Адасем Гушкам. Ён быў відзён здалёк, на ўсю разьлегласьць. І на яго адусюль глядзелі. Але глядзелі кожны сваімі вачыма. Аднымі вачыма глядзелі на яго ўсе навакольныя дробныя сяляне, тыя, што цераз сурвілавую ласку ўлезьлі ў куплю зямлі, тыя, што хацелі ўлезьці, ды нават на задатак ня мелі грошай — адным словам усе навакольныя вёскі. Яны чакалі ад гэтага сьцягу таго, пра што гаварыў Адась Гушка, пра што цяпер вельмі выразна загаварыў і Леапольд Гушка, і Няміра. Іхнія аднадумцы былі тыя самыя людзі з гарадка, якія калісьці білі каменьне на шашу, якія масьцілі шашу, а пасьля гэтага, як работа гэтая спынілася, займаліся ўсім, чым хочаш, абы толькі дастаць дзе кавалак хлеба. Каторыя не пайшлі былі з-за год сваіх на вайну, сядзелі сабе ў сваім гарадку, самі ня ведаючы куды падацца, а каторыя паварочаліся цяпер з вайны, выразна пачалі патрабаваць, каб програма, што была выказана Адасем Гушкам, зараз-жа была выканана. Да іх далучаліся былыя і цяперашнія рабочыя з лесапільні, рабочыя з былых княжных цагелень. Але гэтакага народу тут ня было многа: найбольш тут былі вяскоўцы. У гарадку цяпер усё кіпела як у катле.

Зусім іншага чакалі ад сьцягу на ратушы гэтакія вяскоўцы, як напрыклад, Мазавецкі і Сурвіла. Яны былі супроць рэволюцыі? Не. Сурвілаў сын, напрыклад, быў ужо цяпер самы заядлы тут рэволюцыянэр і нават рэволюцыйны дзеяч: ёй організаваў у гарадку гэтак званую народную міліцыю. Ён нават стаў на чале гэтае міліцыі ў гарадку, начальнік-жа усяе павятовае міліцыі (гарадок абвясьцілі паветам) быў ні хто іншы, як сын гарадзкога сухарлявага папка, чалавек высокі, белабрысы і сутулаваты. Значыцца, сурвілава сям’я ня была чужая гэтай рэволюцыі, але сам стары Сурвіла ня мог прайсьці паўз людзей, каб не паскардзіцца: