Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/81

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

рынку быў рух. Зьбіраўся натоўп. Стаяў у натоўпе стол, на стале людзі. Салдат пайшоў туды. Стоячы на стале, прамоўца пачаў гаварыць. Народу было ўжо многа. Прамоўца гаварыў штосьці пра падтрыманьне новага рэволюцыйнага часовага ўраду, пра абавязкі перад радзімаю, перад бацькаўшчынаю, на якую насядае на фронце вораг і ад якога трэба бацькаўшчыну абараніць. Пасьля пачаў гаварыць другі прамоўца і гаварыў, можна сказаць, тое самае. Зьмянілася некалькі прамоўцаў. Нарэшце, разапхнуўшы перад сабою натоўп, узьлез на стол салдат. Ён загаварыў іначай. Гаворачы, ён заўважыў у натоўпе шмат салдат: мясцовы гарнізон? Тутэйшы пастой? — падумаў ён. І ўсё гаварыў. Ён гаварыў пра тое, што трэба рабочым і селянам браць ўладу ў рукі і зараз-жа канчаць вайну. «На фронце ўжо ідзе братаньне з тым «ворагам», з якім нас тут угаворвалі ваяваць!» «Ура!» — закрычалі салдаты. «Ура!» — закрычала большасьць натоўпу.

— Таварышы, зараз-жа браць у рукі ўладу. Таварышы, заўладаць ратушай і організаваць савет дэпутатаў. Даволі вайны. Зямлю сялянам! Фабрыкі рабочым! Ён саскочыў са стала. Салдаты рушылі за ім да ратушы. Частка натоўпу рушыла за салдатамі. Неўзабаве да ратушы падышла подбегам ўзброеная рота з казарм. З ратушавае вежы затрашчаў кулямёт. Салдаты выбілі прыкладамі дзьверы і лінуліся ў сярэдзіну будынку. Неўзабаве з ратушы зьбілі трохкаляровы сьцяг Расійскай імпэрыі. Над горадам зьявіўся чырвоны сьцяг.

Праз гадзіны дзьве натоўп зьбіраўся ля ратушы. З ратушавага балькону гаварыў прамову малады, і высокі салдат, ад імя рэволюцыйнага комітэту рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў.

З натоўпу пазналі салдата:

— Гэта-ж Адась Гушка! — гукнуў хтосьці.



7. КОНГРЭСІК

Мы падышлі цяпер да таго моманту ва ўсіх гэтых падзеях, які як праз арфу перапусьціў думкі, перачысьціў іх, паставіў іх рубам і паказаў выразна людзям што рабіць, і каго слухаць. Гэта была рэч можа і ня тыповая для рэволюцыі скрозь, але натуральная тут, у гэтым гарадку, у гэтым панскім гнязьдзе, дзе