Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/80

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

заўважаў, што гэта той самы салдат, што яго раней часта бачылі паміж сябе ва ўсіх гэтых часьцях: часьці гэтыя стаялі і пераходзілі з месца на месца ўжо доўгі час разам, поблізу адна ад аднэй. Ад яго чулі пра рэволюцыю ўжо і раней гэтага дня. Але тады ён гаварыў так, што пра рэволюцыю пачыналі гаварыць тыя, хто яго слухаў.

Сход пачаўся.

Сход абраў членаў у савет дэпутатаў.

Сход абраў рэволюцыйнае палкавое кіраўніцтва.

Савет дэпутатаў адразу-ж пасьля сходу пачаў працаваць.

Ва ўсіх бліжэйшых вайсковых часьцях салдаты сілком вырывалі ўладу з афіцэрскіх рук. Савет дэпутатаў паслаў сваіх членаў і так некаторых салдат па вёсках організоўваць рэволюцыйную ўладу.

Надвечар два паравікі былі гатовы да адыходу са станцыі. Адзін паравік пацягнуў два вагоны далей да фронту: там яшчэ на адзін пралёт льга было ісьці цягніку. У гэтых двух вагонах ехалі на фронт пасланцы савету салдацкіх дэпутатаў з весткамі і на рэволюцыйную работу з салдатамі-фронтавікамі. Другі паравік пацягнуў назад ад фронту цэлы эшалён. Ён сьпяшаўся ісьці. Эшалён шпарка прабягаў станцыйныя пралёты. Салдаты ехалі з фронту. Салдаты ехалі з вайны дадому.

Эшалён прайшоў некалькі станцый. На кожнай станцыі сыходзілі з яго салдаты. На трэцяй станцыі зьлез з яго і малады высокі салдат. Разам з ім і яшчэ некалькі чалавек.

Салдаты пахадзілі на станцыі, пасьля адыходу цягніка, паміж народу, распытвалі пра тое, што тут робіцца. Пасьля малады, высокі салдат, разьвітаўшыся з сваімі таварышамі, вышаў пеша ў дарогу: фурманкі яму на станцыі ня трапілася.

— Мы зараз убачымся, — сказалі адзін аднаму таварышы, калі разьвіталіся.

Салдат прайшоў кілёмэтраў дзесяць, тады з-за ляску заблішчэлі перад ім на сонцы вежы гарадка на ўзгорку. Ён паддаў ходу і праз паўгадзіны ўвайшоў у гарадок.

Тут ён спаткаў ажыўленьне: рэволюцыя ўжо ўскалыхнула гэтае глухое места. Але імпэрская ўлада яшчэ тут нібыта трымала ўсё ў руках. На ратушы яшчэ ня было чырвонага сьцягу. Салдат падаўся на рыначны пляц. Было ля паўдня. Сьвяціла сонца. На цэмантовых тротуарах, пад нагамі ледзь макрэў сьнег. На