Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ПЕРШАЯ
ЧАСТКА


1. ЛЕАПОЛЬД ГУШКА

Каб ведаць колькі працы павінен быў тут класьці чалавек, трэба самому ўбачыць гэтую дзялянку. І камяніца, і глей. Камяніца — наверсе. Там каржакаваты хвойнічак, як і запамятаюць людзі, усё гэтакі-ж самы, росту яму няма. Некаторыя хвоі аж на ралы пабіліся, вершаліна часта віламі ўбок пайшла. Тут камяніца скрозь. Гэта — узгорак над балотам, над асакою, над сіўцом у лагу. Пакуль з узгорку ў балота, яшчэ як на злосьць тую, нібыта і мурог у вочы кінецца, а падыдзеш бліжэй, дык там сівец нібыта што і добрае. Калі мінуць хвойнічак, ідучы ўгару праз яго, дык праз чвэртку кілёмэтра якога разьбяжыцца поле і шлях. Тут трапіш усё-адно як у якую-небудзь іншую краіну: поле ўрадлівае, глею, каменьня — нізваньня. Шлях — гасьцінец. Старасьвецкія бярозавыя прысады загінаюцца ўправа, а адтуль ужо спрадвеку патыхала панскім духам: глухенькае месца, панскае і шляхэчае гняздо. Места — так, мае завулкаў і вуліц пад пяцьдзесят; невялічкі гарадок. Стаўшы на ўзгорку, акрай каржакаватага хвойнічку, відаць: чорная вежа сярэднявяковага княжага замку, шэрая касьцёльная вежа, зялёная царкоўная, рудая (абшарпаная бляха) былога бэрнардынскага кляштару. Гэты кляштар, пасьля паўстаньня шэсьцьдзесят трэцяга году, расійская імпэрская ўлада скасавала. Там толькі ў аднэй двухпавярховай мураванай афіцыне, што ў глыбі двара, жылі два ксяндзы і іхнія пакаёўкі, даволі такі дзябёлыя і ў самай жаночай моцы кабеціны. Калі з ветрам, дык тут у хвойнічку нават чуваць як вызвоньваюць гадзіны на замкавай вежы, або як звоняць на мшу ў касьцеле ці ў царкве. Гукі гэтыя за дзесяць кілёмэтраў даходзяць сюды выразна. Места гэта тут відаць добра; яно стаіць на даволі такі вялікім узгорку.