Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/73

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

прыходзіцца людзям на сьвеце! Гэта як каму бог дасьць. Ці гэта шчасьце гэтакае чалавеку выпадзе, ці што? На раду ня роўна людзям напісана.

Гэта было ў першую восень вайны. Леапольда Гушку тады мучыла адно: з-за зямлі гэтае ён узяў паданства, а з-за паданства Адась пайшоў ваяваць.

— А што-ж, — сказаў на гэта Сурвіла. — Тут, значыцца, справа гэтакая — на зямлі, перш за ўсё, трэба рабіць, пасьля — яе трэба прыдбаць, калі свае няма, пасьля, пане мой, трэба павіннасьць несьці за яе. Вайна — гэта і ёсьць тая самая павіннасьць за яе. Абараніць яе трэба.

— Я яшчэ з яе карысьці ня бачыў, каб ужо абараняць яе.

— Мала што, але вы ўвайшлі ў парадак нашага жыцьця. У вас нялюдзкія думкі.

Леапольд Гушка тады кідаўся ў думках сваіх і сюды і туды. Дзе праўда, хто яе гаворыць, і хто так сабе, каго слухаць ня варта? Можа і праўда гэта толькі ў яго «нялюдзкія думкі». Але з таго часу як Сурвіла, асьмеліўшыся на месцы што вайна сюды ня дойдзе і што можна зноў займацца сваімі справамі, успомніў Гушку, што пара таму ачысьціць ад сябе тую мясьціну, на якой ён цяпер сядзеў. Гушка пачаў гаварыць гэтак, як гаварыў з Нямірам у той вечар, калі той прышоў у свой водпуск. З таго часу ён ні разу іначай не гаварыў пра сваю зямлю, ні з Нямірам, ні з кім іншым. Эдвард Лявэр прымусіў яго больш не гаварыць пра «радзіму», усе думкі яго былі цяпер пра Адася. Адась быў на фронце.

Няміра сядзеў дома. Зіма цягнулася паволі яму: даўно ўжо той тэрмін водпуску прайшоў і цяпер ён ліпеў от так сабе, дзень за днём, без надзеі на яснасьць наперадзе, сам ня ведаючы чаго ён прычакае тут. Лістовак тут гэтакіх, якія трапляліся ў арміі, ня было, званы ў гарадку кожны дзень вызвоньвалі сваё, фронт дзесьці ня вельмі далёка стаяў сабе ціха на адным месцы, стварыўшы ў людзях упэўненасьць, што далей вайна сюды ня пойдзе.

Няміра нарэшце ня выходзіў нікуды з Гушкавае хаты, стараўся не пападацца людзям на вочы: тады больш гаварылі-б, што нешта ён вельмі задоўга ў водпуску дома сядзіць. У людзей-жа гэтак: хочуць дабра, ці бяды жадаюць, усё адно раней папагавораць, пагалоску распусьцяць, хочучы дабра — нашко-