Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/71

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

і тут не забываўся ўсё на сваю колішнюю паўстанскую ткачоўскую песьню. Сын Леапольд пераняў яе. І памятаў яе праз увесь век свой…

Пасьля надышла чарга Эдварда Лявэру расказваць. У яго дзед быў таксама ткач-паўстанец. Бацька яго радзіўся пасьля ўжо таго, як гэты дзед недзе кончыўся ў турме, здаецца нават, гаварылі пасьля, у самыя дні ягонае сьмерці. Так што песьню ён чуў не ад дзеда і можа нават не ад бацькі. Проста ён чуў яе ад усіх бацькоў, таварышаў. Песьня не памерла тады, калі сканала паўстаньне.

Ён, Эдвард Лявэр, ніколі ўжо не займаўся ткачоўствам. Ён падаўся ўбок: у Тарнавіцкай навакольнасьці, з самых малых год сваіх капаў жалезную руду. А пасьля быў, да самае вайны, на каменна-вугольных капальнях. Адгэтуль яго і забралі ваяваць. У яго трое дзяцей, жонка — былая работніца на капальнях: тачкі з вугольлем адкочвала. Цяпер яна, застаўшыся адна, шукае сабе работы, каб як пражыць з дзецьмі. Яна не сядзіць на месцы. Яна за гэтыя гады аб’ехала гарады — Герліц, Швэйдніц, была і ў тым усё самым колішнім ткачоўскім Браслаўлі…

—І далей ішла гаворка між Леапольдам Гушкам і Эдвардам Лявэрам. Гаварылі яны толькі удвух. Іх слухалі ў хаце — Марылька, Антусь, Няміра. З Эдвардавае гаворкі от што зразумеў Леапольд Гушка:

— Чаго я сам падаўся ў палон? А за што я ваяваць буду? За што я галаву сваю складаць буду, за што я гніць у акопах буду? Каб я ведаў, што ад гэтага маёй сям’і там будзе лепей жыць, што я гэтым здабываю шчасьце сваёй сям’і, сабе самому, дык і ішоў-бы біцца. А то — сям'я там бадзяецца па гародах, галодная, голая, спрацованая гэтак, як і скрозь, заўсёды было мне і маім таварышом, што са мною разам у палон падаліся. Нехта там мае капальні, нехта там з таго вугольля, што я капаў век свой, багацее, а я кавалку хлеба жадзен, ды яшчэ ваяваць я павінен? Мне кажуць — ратаваць бацькаўшчыну. Дык няхай гэтакая бацькаўшчына праваліцца скрозь зямлю, калі ў ёй я павінен ня жыць, а гніць! Гэтакую бацькаўшчыну трэба самому старацца збыць з свае галавы. Ня трэба мне ні бацькаўшчыны гэтакае, ні вайны, ні акопаў гэтых, нічога гэтага! Мой дзед у турме кончыўся за тое, што ня сьцерпеў голаду і абазваўся, а я горшы за дзеда, што павінен слухаць і маўчаць, калі мяне мучаць? За што мне