Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/67

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Палонныя працавалі асобна ад тутэйшых рабочых: ішлі дзьве машыны, адна на вайсковыя патрэбы, другая на купецкі гандаль. Гэтакім парадкам як-бы дзьве пільні былі тут разам. У той год, як надзея пачала ператварацца ва ўпэўненасьць, што ўцякаць ад вайны ня прыдзецца, што можа нават і канец вайне ня лішне далёка будзе, зноў пачаў асталёўвацца пакрысе абыклы рух жыцьця: сёй-той нават пачаў канчаць раней пачатую будоўлю, а хто-небудзь і зусім спачатку адважваўся будавацца. Бо мясцовасьць сапраўды зьмянілася: ня толькі гэты пан тут прадаў зямлю, тое самае і яшчэ сёй-той з паноў зрабіў у гэтым навакольлі. Дык ня толькі Сурвіла і Мазавецкі пашыліся ў фальваркоўцы, а яшчэ і больш гэтакіх льга было знайсьці ў гэтай мясцовасьці. Тымчасам, калі фальваркоўцы былі лічаныя, дык больш было гэтакіх, што парабіліся добрымі паўвалочнікамі і нецярплівасьць рушыць на хутар, выдзяліцца на сваю раскошу, рупіла без перастанку. Але найбольш было гэтакіх, што або ў даўгі паўлазілі з-за якіх-небудзь дзьвёх дзесяцін зямлі, або, калі абышліся без даўгоў каторыя, дык тыя дзьве якія дзесяціны, вомегам пачалі вылазіць: былі яны дзе-небудзь далёка ад бацькаўскае спадчыннае зямлі і чалавек раскідаўся, можна сказаць, на два трухлявыя курыныя седалы, карысьці з якіх толькі і было, што рабі на іх. Некаторым куплены крох зямлі папаўся гэтак далёка, што на яго льга была за дзень воз гною, ня больш завезьці. Ад сілы два! Але і гэтакіх купцоў на зямлю нельга сказаць, каб было многа: аставаліся сабе людзі гэтак як і былі, марнелі сабе на бацькаўскай горкай спадчыне, адно што цяпер сыны іх ваявалі.

Новыя паўвалочнікі дзе якія перабіліся, новыя хутаранцы зноў пачалі брацца за пярэрваную будову. Нясьмела, пакрысе, але браліся. Пільня патроху скрыпела і не на адны толькі вайсковыя патрэбы. Праўда, цывільных рабочых тут было ўсяго якіх чалавек дзесяць, але больш іх, пакуль што, і ня трэба было. Ад самага гарадка, да гэтага лесу цягнуліся дробныя хутаркі, у хутарскіх хатах, разам з гаспадарамі, і мясьціліся палонныя з лесапільні. Тут-жа, па гэтых прылесных хутаркох, квартавалі і цывільныя рабочыя, якім было далёка кожны хадзіць дадому нанач.

Адзін раз, пасьля работы, на самым змроку, палонныя ішлі на свае кватэры. На гэтую партыю палонных глядзелі крыху вальнейшым вокам — не забыліся яшчэ, што гэта яны самі, даб-