Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/66

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ён цяпер на лесапільні робіць, — адказала Марылька. — Там найбольш палонныя, але таксама і нашы некаторыя вясковыя хлопцы маюць работу. Раней, як пан быў, спачатку вайны, прадаў лес нейкім купцом, дык пайшла была пільня на поўны ход. А пасьля зусім была стала, як фронт падышоў. Дый людзей, сказаць, ня было. У войска рабочых пазабіралі. А гэта, як пасьмялела з фронтам, дык зноў пайшла пільня. Казна цяпер ад купцоў заарандавала пільню і лес у іх купляе. Але таксама і купцы самі часткаю там уладаюць сабе на гандаль. Дык там і палонныя, і нашы хлопцы, каторыя яшчэ маладыя ў войска ісьці. А то і старых крыху ёсьць.

— А ты як?

— Ну як я! Як усе, так і я. Ты-ж бачыш. Сурвіла такі не на жарты хоча на вясну, каб бацька ачысьціў яму месца. Хата стаіць яго на зямлі. Ён тут сабе выгароджваць будзе. Як яно прыдзецца, нямаведама.

Яна была блізка да таго, каб заплакаць. Каб не наганяць яшчэ больш на яе нуды, ён не сказаў нават і ёй, што сам сабе зрабіў гэты водпуск. Ён тут зусім стаў цьвёрды і адважны. Ён сьмела пайшоў на вёску да бацькі. Бацька, пачухваючы кароткую сівую бараду, папраўляючы на галаве ўсё чорную шапку з аўчыны, распытваў, ці ня чуваць пра канец вайны, і калі пакінуць ужо народ мучыць. Ён тут-жа павёў сына паказваць каня, якога набыў ад уцекача выпадкова, заместа ранейшага, старога.

— Хоць і гэты стары, гаварыў ён, — але мацнейшы. Ён у мяне за зіму выстаіцца і на вясну як-небудзь будзе рабіць. Адно каб вайна скончылася, каб спакойна на сьвеце пажыць.

У гэты вечар Павал Няміра ня думаў, як ён тут і колькі будзе. Нейкая невыразная яшчэ ўпартасьць апанавала ім. Начаваць ён пайшоў да свае сям’і, да Гушкавых.



4. НАШЧАДКІ БУНТОЎНЫХ НЯВОЛЬНІКАЎ

Пільня цяпер, можна сказаць, забаўлялася: ня лішне зашмат яна цяпер пераводзіла лесу. Зьела яна яго многа, гадоў за два да гэтага, з самага пачатку вайны. Тады пан пасьпеў перавесьці на грошы самы лесавы мацунак. Скрозь адно стаялі пні, дзе раней шумелі выносістыя хвоі.