Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/65

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

яно пашлося гэтак як некаму зручней было? Унь у нас у гарадку малебства нядаўна адпраўлялася, каб бог памог пабіць германцаў. А германцы ня просяць бога, каб ён памог ім пабіць расійцаў? Дык каго-ж богу слухаць? Што, германцы горшыя за расійцаў, што, яны ня людзі? А яны-ж таксама бога просяць. Недзе там стаіць сабе гэтакая маленькая цэрквачка, касьцёлак, можа той яшчэ самы што бацька некалі хадзіў да споведзі. Увесь дрэвамі аброс… Той што маці плакала ля яго, як мы зьбіраліся сюды выяжджаць, як маці разьвітвалася там з кожным дрэўцам… Я памятаю, я ўсё гэта як бачу перад сабою, як ясны сон бачу, калі маці мяне малога павяла за руку была ў той апошні дзень пад той касьцёлак… Можа каб я вярнуўся туды быў з-замаладу, можа-б іначай я пражыў жыцьцё сваё, ня гэтак, як тут жыў, можа-б іншаю, шчасьліваю сьцежкаю дайшоў-бы да труны свае. І можа-б гэтая сьцежка ня была-б гэтакая кароткая, можа-б гэта была доўгая і шырокая дарога. А то — чаго я гэтак раптам сьсівеў? Можа мне мала ўжо на сьвеце жыць асталося, дык нашто я век свой пражыў? Каб некага ўспамагаць? Жыў-жыў дый дажыўся, што нават, калі прышлося рыхтавацца выяжджаць, шукаць ліха ведае дзе ўцякацкае сьмерці, дык трэба было ў гандляроў транты з непатрэбных мяхоў зьбіраць, каб будку пашыць. Ідзі глянь, калі ня верыш, за хатаю вісіць пры сьцяне…

Выгаварыўшыся, ён сышоў некуды надоўга з хаты. Гаворка яго ўмацавала ў Няміры тую яго цьвёрдасьць, што была ў яго і тады, калі ён пакідаў украдкі эшалён, і калі чытаў некалькі разоў, і да шпіталю, ў пасьля яго, лістоўкі, і калі чакаў тае рэволюцыі, пра якую гаварылі гэтыя лістоўкі. Цесьцева гаворка паддала яму ўпартасьці: ужо ў першую хвіліну, як ўвайшоў ён у хату, убачыў, што не на дабро ён сюды прышоў: лішне так не нагаспадарыш, ня будзеш рабіць, бо лішне тырчаць у людзей перад вачыма няможна: надоўга на пабыўку ня пускаюць, трэба будзе назад варочацца. А паспрабуй, вярніся. Дый не на тое ён уцёк, каб назад вярнуцца, на гора, а можа і сьмерць. А не рабіўшы нічога, так сядзець і гатовы хлеб есьці, якога няма? Ён ведаў: тое самае і ў бацькі. Бо яшчэ з самага пачатку пісала была Марылька, што прышла яна назад у бацькаву хату: ні тое што ў Няміравых ёй горш было, але сям’я там вялікая, хата цесная, людзей поўна, работы няма.

— А дзе Антусь? Што ён робіць?