Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/64

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

маў калі-небудзь вярнуцца назад. А я тут на чужыне дзяцей пагадаваў, і з гора-бяды век ня вылазіў. Рабіў усё на некага…

— Дык што ты, бацька, хочаш сказаць?

— Ты тутэйшы, а я ня тутэйшы. Мала што я ўжо гэтакі як усе тут.

Ён дайшоў да найвышэйшага пункту раздражненасьці і адвагі на ўсё. Ён моцна крычаў на ўсю хату пра нейкую радзіму, пра нейкае жыцьцё там, упэўніваў сам сябе, што там-бы ён не пасівеў-бы гэтак яшчэ… Пасьля зноў пераходзіў на тутэйшыя справы:

— Мяне гэтак проста Сурвіла ня возьме. Што мне траціць! Хамут, у які мяне ўпрог Сурвіла? Або гэтую трухлявую хату я страчу? Чэрці яе бяры, з хатаю разам. Я за ўвесь век свой толькі гэтую трухліну і зарабіў. Няўжо мне гэтакая малая цана? Дзьве дзесянціны цяпер мае. Дык што, гэта я жыць на іх магу цяпер па-чалавецку? На дзьвёх дзесянцінах я разгуляюся? Або я маю чым іх урабіць? Зноў жонку ўпрагу ў ярмо, гэтак як тады, камяні тыя рвучы? Або Адась тут вернецца на гэтую спадчыну, па долю свайго бацькі? Або Антусь тут засядзе на век? Не хачу я, каб асядалі на гэтай нядолі мае дзеці!

— Дык што рабіць трэба? — зусім шчыра запытаў Няміра, сумеўшыся ад навіны бачыць гэтакім Леапольда Гушку, гэтакім, якім ён ніколі дагэтуль яшчэ ня быў.

Тут Леапольд Гушка зноў пачаў гаварыць штосьці пра нейкую радзіму, гаварыў і сам ня ведаў, што і да чаго і што там на тэй радзіме і якая яна. А пасьля зноў варочаўся ўсё на тое, што балела яму:

— Я тут сам гаспадар. Хто сюды рукі прыклаў, да гэтай зямлі, я ці Сурвіла? Што ён абармоціў народ, дык гэта права гэтакае? Мой сын не ваюе? Ня гніе ён у акопах, ліха ведае, за каго і за што? За што ён ваюе? За тое каб тут Сурвіла мяне з хаты выкідаў? За тое, каб я з торбаю, пасьля вечнага парабкоўства, па сьвеце пайшоў? Гэта ён адваёўвае мне права дажываць веку старцам у ярме? За што ён ваюе? Сурвільчык, нябойсь, каля дому аціраецца, ды грошы грабе. А мой Адась гніе недзе там. Што-ж калі гэтак, дык у зубы глядзець таму, хто на табе едзе? Няма ніякага граху! Мне, дык грэх, а Сурвілу абармоціць усіх, дык ня грэх? Закон? А што, гэты закон бог даў, ці проста