Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/63

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

лёў купіў на гэта. Многа я на тым кані наехаў-бы! А ён на чацьвярых конях строіўся ехаць, на двох параконых карах. І поўныя кішэні грошай. А цяпер — дык вайна яму — заработак, прыбытак. Яму гэтак пайшло цяпер. Сын, пане мой, горне грошы, а ён сам, як купец які, як пан той, што лес і зямлю папродаў, ды грошы ў банк перагнаў, ды ня ў тутэйшы банк, а недзе ў Ангельшчыне, ці якая яму трасца! Езьдзіць сабе, і ні вайны, нічога ня ведае. Сын яго, нябойсь, ня пойдзе марнець у акопы!..

— А з зямлёю як у вас?

— З зямлёю? Пакуль да тэй зямлі, дык Сурвіла траха духу майго не дагледзеўся. Гэта я яму зямлю купіў, а ня ён мне! З майго мазаля ён сабе фальварак справіў. Каб ня мы, гэткія, што цераз яго зямлю даставалі, дык трасцы-б ён агарнуў-бы сабе гэтулькі! Твой-жа бацька таксама, пасьля ўжо, на дзесянціну паквапіў.

— Ведаю, пісаў бацька.

Шмат хто пасьля ўжо ў Сурвілы і Мазавецкага, як яны ўжо з панам, разьлічаліся, па дзесяціне зямлі ў яго пабралі. Цяпер ён тут, дзе я жыву, пашу сабе агароджваць строіцца. Ссадзіць мяне хоча каб я яму месца ачысьціў, ідзі, кажа, забудуйся на свае дзьве дзесянціны. Дык гэта ён мог-бы забудавацца дзе сабе хоча і калі хоча, а я — пачні адно раскідаць гэтую старую хату, дык з яе адна парахня астанецца. Як стаіць, дык стаіць, а зачапі паспрабуй!.. А што, я новую хату магу паставіць? Дзякуй яму за ласку! Адсюль ён мяне ня згоніць! Я на гэтым кавалку ўсе свае сілы паклаў! Я сьсівеў тут, камяні гэтыя руйнуючы. Няхай прыдзе з прыставам ды жыўцом за горла бярэ, і то я пачну праўды даходзіць. Што, я ад пана ўцёк на тое, каб век вечны Сурвілу за парабка быць? Можа-б мне ня варта было спачатку брацца на гэтую было справу, але што-ж, запозна я агледзеўся. Можа каб я кінуў, рынуў тады быў тут усё, ды туды, на радзіму вярнуўся, адкуль бацька мой уцёк тады сюды, — можа-б там я ня ведаў-бы гэтакага гора, гэтакага зьдзеку.

— Пра якую радзіму ты гаворыш?

— Пра якую радзіму? Пра тую радзіму… пра тую… што я ня ведаю яе, але няўжо-ж і там гэтак усё? Няхай сабе цяпер немцы ідуць, я ўжо ўцякаць ня буду. Пад Германіяй астануся, дзе хачаш…

Раптам ён змоўк, маўчаў колькі хвілін, пасьля ўспомніў:

— Бацька ня мог забыцца на радзіму, усё ўспамінаў, усё ду-