Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/62

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

род хаты, ён чапляў да вялікага прабою ў столі калыску на вяроўках і драўляным круку. Маладая жанчына стаяла ля яго з дзіцем на руках. От чалавек пачапіў калыску, жанчына паклала ў яе дзіця і пачала калыхаць. Чуваць было, як яна засьпявала калыханку, плячысты чалавек адышоўся да дзьвярэй і стаяў там, камусьці штосьці гаворачы. Салдат некалькі момантаў ня зводзіў вачэй з жанчыны.

Што рабілася ў сэрцы гэтага чалавека? Можа ён думаў пра тое, як некалькі дзён да гэтага, пазаўчора, ці што, разьвітаўшыся з тымі сваімі двума таварышамі, апынуўшыся ў лесе адзін, стаў раптам мяккі, як салома, быў блізкі да таго, каб цалаваць зямлю, што гэтак ціха драмала пад ляснымі імхамі, поўная цішыні, бязлюдзьдзя, і гэта — пасьля страшэннага грому вайны, пасьля чаканьня сьмерці! А можа і цяпер чалавекам апанавала гэтакае пачуцьцё? Можа і цяпер яму нічога ня трэба было, апроч самога сябе, выратаванага ад пакут і сьмерці — далёка ад вайны?

Можа і ня было цяпер гэтакага пачуцьця ў чалавеку, што панавала тады ў лесе шмат доўгіх момантаў, пакуль рэальнасьць не пагнала назад да яго здаровых думак. Але ўсё-ж у чалавека задрыжэў твар, ён ня вытрымаў больш тут стаяць і адразу рушыў у хату.

— Добры вечар, — сказаў ён, зусім ужо валодаючы сабою.

Пазналі яго з голасу. Жанчына кінулася да яго. Высокі чалавек таксама заварушыўся, затупаў па хаце. З печы зьлезла старая жанчына.

— Марылька!

— Павал!

— А сынок-жа ты мой, — заенчыла старая.

— Паглядзі на сына, — сказала Марылька. — Можа зусім ты прышоў гадаваць яго? — зазірнула яна ў вочы мужу.

— Не, ня зусім, — выгаварыў ён цьвёрда, — на пабыўку.

Доўга было радаснае ўтрапеньне. А пасьля салдат, Павал Няміра, пачаў слухаць цесьця, Леапольда Гушку.

— О, бачыш, — сказаў Гушка, здымаючы з галавы магерку.

Няміра ўбачыў на гушкавай галаве сівую кучаравасьць. Зусім быў сівы чалавек.

— Я сьсівеў. А Сурвіла — дык той памаладзеў. Што яму вайна! І я зьбіраюся ва ўцекачы выяжджаць, і ён зьбіраўся. Дык я вопратку прадаў ды бракаванага салдацкага каня за дзесяць руб-