Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/61

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Як гэта?

— А так, што ён раней пры прыставе ў горадзе служыў. А цяпер служыць у гэтым саюзе…

— У земскім саюзе?

— Але, у земскім саюзе. За нейкага старшага. У нашым горадзе тут стаіць. Дык і грошай мае, і так усяго. Сурвілавых наймічка казала, што стары Сурвіла ўсё у гарадок езьдзіць і дабро возіць: колькі адных колаў і хамутоў панацягваў! Казала наймічка, што мяшкамі рыс возіць, і нават употай прадае сёе-тое, аж купцы прыяжджаюць, але трасцу, ад людзкога вока не ўхаваешся…

— Нашто-ж яму гэтае дабро, а калі вайна прыдзе і трэба будзе выбірацца, — зноў хітравата ўсьміхнуўся салдат.

— Вайна, кажуць, цяпер ня прыдзе. Цяпер, кажуць, немцаў далей ня пусьцяць. Гэта летась усе зьбіраліся ўцякаць, нават ужо і вазы папрыстройвалі. А цяпер сьмялей стала. Цяпер, кажуць, нашага войска шмат сабралася на пазыцы, дык немца пагоняць назад…

— Ты, здаецца, курыш, можа закурым са мною?

— Чаму не.

Хлапчук ахвотна зацягнуўся дымам і закашляўся.

— Эзэ, курэц з цябе!

Салдат пайшоў дарожкаю праз хвойнік. Хлапчук пачаў браць на аброць каня. Салдат неўзабаве зьвярнуў у хвойніку з дарожкі на сьцежку. Сьцежка прывяла яго на другі бок хвойніку, зямля там абрывалася ўніз у балота. Перад салдатам была хацінка. Заходзіла сонца. Нанач браўся замаразак. Бялеў зусім ад яго на груду сівец.



3. ЯК ЗЬМЕНЬВАЕЦЦА ЧАЛАВЕК

Ля глухое хатняе сьцяны стаяла палатняная будка, зьнятая з возу: на арэхавыя, сагнутыя дугамі, рамы нацягнены пасшываныя транты з старых мяшкоў. Гэтая прыстройка была прывязана да сьцяны пад страхою. Таксама да сьцяны туліўся стары хляўчук з аполкаў — «той усё самы» — салдат пазнаў. Быў вячорны эмрок, як салдат падышоў сюды. У хаціне запалілі сьвятло, салдат падышоў да акна. Высокі, плячысты чалавек стаяў пася-