Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/60

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А яны рэшту яшчэ недзе пазычылі і адкупілі зямлю. Узялі сабе колькі трэба ім было, а рэшту аддалі пад вёску. Яны цяпер з свае гаспадаркі могуць пацягнуць і пааддавалі свае даўгі, от ім і пашанцавала.

— А вёска? — запытаўся салдат, ужо бяз хітрае ўсьмешкі.

— А вёска — дык я вам скажу, — хлапчук па-гаспадарску, як стары, узяўся ў бокі, — я вам скажу, што цяпер некаторыя ня рады, што падаліся ў гэтую кашу.

— Чаму?

— Таму, што цяжка прышлося. Сурвіла зямлю даў і цяпер трэба яму выплачваць. А адкуль тут пацягнеш, каб аддаць. Дык Сурвіла і Мазавецкі чакаюць доўг, але нарастаюць процанты. Дык доўг трэба аддаваць, а процанты адробліваць. Дык цяпер можна сказаць уся вёска і робіць — і коньмі, і рукамі Сурвілу і Мазавецкаму. А тыя, як паны, пахаджаюць адно паўз нашых людзей, за зад рукі пазакладаўшы.

— Дык хіба ў іх гэтак работы многа, што на ўсіх хапае?

— А што-ж! Яны-ж у пана хапілі зямлі халера іх ведае колькі. У фальваркоўцы павыбіваліся. Унь вясною як сеялі ярыну… я сам пяць дзён скародзіў сваім канём, а бацька два дні араў. Яны цяпер, трасца іх матары, усю вёску ў рукі ўграблі.

— Дык і вы зямлю купілі?

— Купілі. Дзьве дзесяціны.

— Чый-жа ты?

— Я Сымонаў Чуйкаў… Вы мусіць тутэйшы, што гэтак пра ўсё распытваеце.

— От так, з блізку… А як гэта лес высеклі там, ля гораду?

— А гэта пан захадзіўся ўсё спродваць. Як толькі што пачалася вайна, дык ён прадаў лес купцом. А тыя прыехалі аднекуль, лес высеклі, некуды вывезьлі бярвеньне, а самі паехалі. Усяго, праўда, лесу ня высеклі, бо ня было куды вывозіць рэшту, казалі людзі што вайна перашкодзіла. А цяпер зноў пачалі сеч — войска адкупіла, дарогі масьціць, ці яшчэ куды… Там пільня цяпер у лесе зноў пайшла ў ход. Унь і па той бок нашае вёскі, таксама лес высеклі. Там другога пана, дык той сам, бяз купцоў сваю пільню паставіў. А то так людзям ураздроб прадаваў, каму трэба было… Ого, лясы цяпер пачалі высякаць. Людзі кажуць, што зараз ня будзе каля нас зусім лясоў… А Сурвілу — дык таму шанцуе. Яго і сын цяпер дадому колькі дабра цягне — страх!