Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/57

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А другі ўспомніў пра што гаварыла лістоўка.

«Чакайце рэволюцыі! Рабеце рэволюцыю! Годзе непатрэбнае вайны!»

— Нешта павінна быць.

— От я гэтак і падумаў. Думаю сабе — лепш перахавацца дзе-небудзь, каб жывому астацца. Годзе карміць вошай.

Тут, за лесам, адзін разьвітаўся з двума. А ўдвух пайшлі яшчэ разам далей. А на сьвітанку і гэтыя разьвіталіся. Той, што меў з сабою адпускныя з пячаткамі блянкі, абагнуў лясок і вышаў на даволі шырокую дарогу. Быў ужо дзень, як ён як мае быць пазнаў мясцовасьць. Ён тады закрочыў цераз поле туды, дзе відаць было верхавіньне бярозавых прысадаў. Неўзабаве ён быў ужо на гасьцінцы.

Некалькі разоў яму пападаліся насустрач вайсковыя абозы. Ён разьмінаўся з імі. Нарэшце адзін абоз дагнаў яго. Ён адразу, проста па-салдацку, сеў на воз, калі заўважыў, што пры абозе няма офіцэра.

— Куды, зямляк?

— Ды от… у водпуск, на пабыўку пасьля шпіталю.

— А ў якім-жа ты шпіталі быў? З фронту? Якія-ж там шпіталі?

— Ды ня з фронту. У нас-жа гэтакія галовы камандуюць, што самі ня ведаюць, што робяць. З тылу раней прывезьлі сюды, выдаўшы там водпуск, а адсюль ужо я павінен брацца дадому… Накамандуюць яны доўга, калі гэтак будзе!

— Ну пэўна-ж! — узрадаваўся абозны салдат. — Добра кажаш, каманда.

— Ім што, — падаваў усё голас, як-бы сам сабе, адпускнік, — ім камандаваць ня цяжка.

— Ім, добра кажаш, ня цяжка. Ня цяжка трымаць народ у акопах, на пакуце, а самі… няхай-бы сам пайшоў пасядзеў у акопы! А то — я, ды от і ты, другі, трэці, чорт ведае чаго і за што… О, — салдат убачыў ля гасьцінца сьвежыя магілы, паказаў на іх рукою, — о, куды народ кладзецца. І цяпер яшчэ ўсё магілы сьвежыя, паднаўляюцца дзень пры дні. Унь колькі народу бяз дай прычыны зьлягло.

Ён змоўк. У вачох бліснула. Пасьля яшчэ гаворка:

— А за каго я ваяваць буду? Што, нехта пра мяне дбае?