Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/56

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

сябе абнадзейвае, сам сябе весяліць. Усё будзе добра. Усё пойдзе як ня трэба ўдалей.

— О! Глядзеце.

Быў лес. І месячная відната была ў ім. Утрох селі на зямлю. Адзін паліў запалкі, другі растапыраў на сабе шынель, каб і ня тухла, і каб заўважыць агонь нельга было чужому воку. А той прачытаў паперку. Гэта быў самы сапраўдны дакумант, што чалавек, пасьля раны на фронце, пасьля шпіталю, пушчаны дадому на пабыўку, на паправу. Пячатка. Подпісы.

— Дык чаго-ж ты туляешся, а ня едзеш? І чаго яшчэ цябе сюды прывезьлі?

— Бо тут мне блізка дадому. А дакумант гэты я сам сабе зрабіў. О, бачыце?

Ён паказаў некалькі пустых блянкаў, з гатовымі пячаткамі, з подпісамі.

— І праз штаб прайшло, і праз усё, што трэба. Прызнацца, нас некалькі чалавек увесь час кралі пакрысе гэтыя блянкі з габінэту шпітальнага доктара. А другую пячатку, шпітальную, мне паставіў доктараў дзяншчык. Пройдзе тэрмін гэтай паперцы, дык я сабе другую напішу… Вядома, я ня буду на вочы лезьці кожнаму. Мясцовасьць у нас глухая, сядзець буду ціхом у нары.

Тут толькі два астатнія пачулі ў сабе сапраўдную трывогу: што-ж чакае іх дома? Пра гэта яны ня думалі, калі страх перад фронтам пагнаў іх адгэтуль, балазе дадому адсюль кожнаму блізка было.

— Я вам дам па адным блянку, як толькі трапіцца дзе атрамант — панапісваеце дакуманты.

Цяпер яны разам ня ішлі доўга. Дарогі іхнія разыходзіліся. Яшчэ да дня ім давялося разысьціся. Але за гэтую рэшту дарогі было перагаворана ня мала. Пакрысе высьветлілася, што кожны нёс у сабе. Ясна было ім, на гэтым яны пагадзіліся, што надала ім адвагі зрабіць гэта тая лістоўка, што хадзіла па эшалёну, з вагону ў вагон, пакуль іх вязьлі сюды. Цяпер яны ўсё не маглі спусьціць яе з думак.

— Значыцца, сапраўды нешта неўзабаве павінна быць. Калі ўсе адно чакаюць. Калі… прывязьлі як бараноў на зарэз цэлы эшалён. Там, з чацьвертага вагона таксама зьбіраліся шмаргануць. Разьбягаюцца, каму дадому спрытней трапіць. А то ў палон падаюцца.