Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/58

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Нехта дбае што мае дзеці дома пакутуюць? Некаму галава баліць, што з майго дзіцяці расьце парабак?

— Можа хто і дбае, — сказаў адпускнік, — можа каму гэта і трэба.

Адпускнік раптам як успомніў што. Ён вельмі ажывіўся, нецярпліва стаў паглядаць на дарогу, на бярозы.

— У нашай часьці ўсе гэтак гавораць як мы цяпер з табою, — гаварыў ён. — У нас там па руках лістоўка хадзіла… Ці ня будзе зараз тое самае як у дзевяцьсот пятым годзе?

Праз некалькі гадзін абозьнік і адпускнік разьвіталіся. Пешаход пайшоў далей гасьцінцам. Ноч была з замаразкам і ён адважыўся начаваць у вёсцы. Гэта была ўжо знаёмая вёска. Там ён натрапіў на вайсковае начальства. Яму трэба было паказаць дакумант. І ўсё гладка сышло. Дык ён назаўтра сьмела пайшоў у свой бок. Стомлены пасьля шпіталю, пасьля дарогі і трывог, ён ішоў паволі і толькі шмат пасьля паўдня падышоў да знаёмага гарадка. За войскам тут ня было куды ўбіцца, каб прышлося. Салдат прайшоў праз гарадок, заўважаючы страшэнны вайсковы рух на гэтых мізэрных вулічках. Вышаўшы за горад, ён агледзеў мясцовасьць. Непадалёку, у панскім лесе пачмыхваў паравік. Грэблі і лагчыністыя дарогі скрозь былі выбрукаваны тонкім бярвеньнем і плашкамі. Ля самага гарадка на месцы хвойнага лесу былі адны толькі пні і ядлаўцовы хмызьняк.

Разглядаючы мясцовасьць, салдат ішоў далей. Сонца было ўжо нізка, як ён падышоў да каржакаватага хвойніку на ўзгорку. Налева ад яго ў лагчыне цягнулася доўгая вёска. Панскі шырокі палетак, што ішоў ля яе ад гарадка, увесь спрэс быў пабіты на дробныя загончыкі. Межы пасьпелі ўжо нават удзірванець, паміж імі, як раўчукі, ляжалі вузкія, на тры крокі ўшыркі, палоскі. Тут спробавала ўсходзіць, відаць позна пасеянае, жыта. Ля самага хвойнічку стаяў новы, няскончаны зруб новага дамка на два ганкі. За зрубам цягнуўся даўжэзны агарод — агароджа з здаровых жэрдак зроблена, здаецца, на доўгі век.

— От як! — сказаў сам сабе салдат, паглядаючы на зруб і ўваходзячы ў хвойнічак.

Там хлапчук, з вобрацьцю пад пахаю, смачна зацягаўся махорачным дымам. Ні ён салдата, ні салдат яго ня ведалі. Хлапчук