Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/55

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

што прышоў сюды з цяплушкі за патрэбаю. Аж убачыў, што і той, бліжэйшы да яго, спыніўся. А пасьля і задні. Калі сярэдні баяўся пярэдняга, дык задні баяўся абодвых — ён бачыў перад сабою двух чалавек. І ён спыніўся адразу. Стаяў і не варушыўся, аж пакуль не заўважыў, што пярэднія сышліся разам. Тады і ён пачаў з асьцярогаю падыходзіць. Сярэдні падышоў да пярэдняга не адразу. Ён паглядзеў спачатку, што той, убачыўшы яго, не пайшоў далей, адразу зразумеў і сьмела пайшоў. Яны спаткаліся. На абодвых зьмятыя шынялі, салдацкія пагоны з лічбамі, рэчаў — ніякіх; пануры недаверлівы зірк.

— З каторага вагона? — сьмела запытаў сярэдні.

— З трэцяга. А ты?

Тут падышоў трэці, ім больш згаварвацца ня трэба было.

Пакуль узыдзе месяц, яшчэ цёмна з вечара. А калі паясьнее — там будзе ўжо лес, ня гэтакая голая мясцовасьць. І трое людзей пайшлі. Кожны меў за пазухаю, дзесьці ў нетрах халодных салдацкіх вопратак, кавалак хлеба і больш нічога. Ведалі яны раней адзін аднаго, ці не? Важна тое, што цяпер яны ведалі адзін аднаго, як ня трэба лепш.

Поўнач спаткалі яны ўжо далёка адсюль. Куды яны ішлі? Што іх гнала ў беспрасьветнасьць? Гурт вяселіць людзей. Пакуль ішлі разам, можна сказаць, нічога не заўважалі самі ў сабе. Гаварылі ціха і больш нічога. Паддавалі самі сабе агню.

— Я ўжо раз траха не памёр, нямаведама чаго, за каго і за што.

А другі ня меў гэтакае яснасьці ў думках:

— Можа яно і ня добра я зрабіў, але — чорт яго бяры з усім. Унь мая сям’я жыве ля самае пазіцыі, ня сёньня, дык заўтра можа немец зойме. А я што, адзін буду аставацца ад сям’і? Хоць палонныя дзеці бацьку пры сабе мець будуць.

— А чаму-ж сям’я ня выбралася?

— Выбралася была, але як фронт стаў, дык вярнуліся. Усё лепш як бадзяцца па сьвеце. Жонка пісала яшчэ ў шпіталь, што хата захавалася. От так каля салдат і кормяцца.

— Дык там цябе адразу і зловяць, калі гэта каля салдат.

Чалавек тут кінуўся на зямлю, сьцягнуў з нагі бот і дастаў з шкарпэткі нейкія паперкі. Зрабіў ён гэта гэтак шпарка, што таварышы яго адразу ўбачылі: чалавек з усіх нэрваў сваіх сам