Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/51

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

мак стараўся выкласьці палоннаму той, ломанаю сваёю польскаю моваю.

— Каб ня дзеці, я можа-б…

— Дзеці… — выгаварыў тут германец і ўзяўся рукамі за грудзі.

— Бой, — сказаў ён яшчэ, успомніўшы «варожае» слова і паказваючы рукою навокал.

Раптам па акопе пайшла команда. Палоннага забралі. Перад гэтым барадаты германец патрымаўся яшчэ ў палоннага за руку, у вачох яго бліснула сьляза, ён ткнуў пальцам сабе ў грудзі і, не пакідаючы трасьці рукамі палоннага, з вялікаю шчырасьцю некалькі разоў назваўся; шпаркаю гаворкаю, скрадваючы гукі:

— Эдврд Лявэр, Эдврд Лявэр… (Эдвард Лявэр).

Палоннага павялі. Команда па акопе была на тое, што перад акопамі заўважылі рух: шэрая маса паўзла ў гэты бок. Пакуль падпусьцілі бліжэй, калі зручна страляць, заўважылі белы сыгнал. У гэтай мясьціне акопу ведалі, здагадаліся пра што тлумачыў нядаўна добраахвотны палонны пасланец, паказваючы рукою на расійскія акопы. Неўзабаве ў акоп палезьлі зьверху салдаты расійскае арміі, добраахвотныя палонныя.

Добра ўднела, усход здорава ружовіўся. Але яго не заўважалі людзі ў зямлі: над зямлёю, як чорная хмара, навісала чаканьне бою, яно гняло чалавечыя сэрцы. І гэты раз было тое, што нядаўна з першым палонным: нямецкія салдаты трасьлі ім рукі, салдат з выстрыжанаю барадою таксама ўсё называў сябе аднаму, зусім маладому палоннаму:

— Эдврд Лявэр…

Як палонных павялі акопам далей, ён сумна глянуў на апошняга з расійскага палоннага ўзвода і прыпёрся плячуком да земляное сьцяны. Побач яго стаялі гэтак сама на сваіх мясцох яго таварышы.

Увесь той дзень працягнуўся як пакута. Цішыня, нязвыклая, палохала людзей. На змроку Лявэр штосьці зашаптаў раптам свайму бліжэйшаму таварышу. А той неўзабаве пачаў шаптацца з сваім суседам. А як пачало цямнець, як змрок добра навіс над хмызьнякамі, Эдвард Лявэр папоўз ціхенька да расійскіх акопаў: форма і спосаб на гэтую справу выпрацаваліся сёньня зранку. Праз паўгадзіны якое, сьледам за ім, папаўзла з нямецкіх акопаў шэрая маса.