Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/50

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

хацеў. Чалавек кінуўся на зямлю перад самым нямецкім акопам і ўпоўз у яго.

— Я ў палон прышоў, — сказаў ён, аддыхваючыся. У палон, у палон! Слова палон там было знаёма. Пакуль яго забралі і павялі акопам кудысьці ў глыб раскапанае лагчыны, ён яшчэ ўсьпеў «пагаварыць» з людзьмі:

— Адзін раз мяне ўжо былі ранілі. Я ледзьве выжыў. А цяпер можа заб’юць. Я не хачу. Я прышоў сам у палон. Мяне прыслалі. Я прышоў уперад за сваіх, сказаць, што зараз яны будуць ісьці сюды, дык што гэта ні з вамі бягуць біцца, а ў палон падаюцца. Каб вы не стралялі. Зараз будуць ісьці, мяне наперад паслалі…

Ён гаварыў, гаварыў, а навокал яго ціснуліся адзін да аднаго гэтакія самыя, як і ён, шэрыя людзі. Яны нічога не маглі разабраць з гаворкі дабраахвотнага палоннага. Некаторыя трымалі ў руках недапісаныя лісты дадому: у лісьце разьвітваліся перад боем з сваімі, на лістох былі сьляды ад сьлязы, якое ня мог стрымаць чалавек.

— У палоне мы можа хоць жывыя астаномся, а тут — няйначай пасірацяцца дзеці…

Тут наперад праціснуўся «немец». У яго адрасла барада, ён яе, відаць, нядаўна выстрыг, яна яму, відаць, надазаляла. У яго быў высокі лоб, ноздры, як загаварыў ён, неспакойна ўздрыгвалі. Ля вачэй клаліся тонкія змаршчыкі. Вайсковая магерка была высока паднята з ілба.

— Дзіця, — загаварыў ён, — дзіця, дзіця…

(Ён улавіў слова ў расійскага салдата — «пасірацяцца дз-е-ц-і». Ён гэтае слова нейк ведаў).

І ён пачаў гаварыць. Палонны нічога спачатку не зразумеў, пасьля, той, адумаўшыся, зноў сказаў «дзіця» і пачаў успамінаць цяпер польскія словы. Ён моршчыў лоб, часамі нават добра выгаварваў цэлыя сказы. Але не цераз гэтыя польскія словы, якія нейк ведаў германскі салдат, палонны і ён, а з імі і ўсе, хто стаяў тут, пачалі нейк адразу разумець адзін аднаго. Гэтае ўзаемнае разуменьне вырасла адразу. Германскі салдат ужо трымаў за штрыфлі шыняля палоннага, а той трымаўся рукамі за грудзі, і маўчаў з вінаватаю нейкаю ўсьмешкаю, здагадаўшыся цяпер, што ўсёадно яго гаворкі тут не разумеюць. Нарэшце ўсе пачалі гаварыць гэстамі, позіркамі. І ўсю гэтую гаворку пачуцьцяў і ду-