Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

таксама трымаў нейкія паперы ў руках. Валасны старшыня здаваў сваю воласьць у войска.

«Сурвіла гоніць у войска майго Адася!? Сурвіла!»

Твар яго быў страшны, здавалася, ён зараз рушыць, і скрышыць тут усё, гэтак зьмяніўся яго выгляд.

На ратушы крычалі вароны. Адна сядзела на краю ганкавай паветкі, хвастом над ганкам.

— Сегодня все, не только мы русские, а и все иноверцы, населяющие великое наше русское отечество, должны проникнуться единым духом патриотизма, духом великой России», — скончыў прыстаў сваю прамову, і зьняў шапку.

Сухарлявы папок прыставу першаму даў пацалаваць крыж і дадаў ад сябе:

— «Да снизойдёт на главы ваша, верныя сыны России, благодать сьвятаго духа и укрепит вас в борьбе с врагом».

Народ стаяў перад ратушавым ганкам. Папок гаварыў «напутственное» слово новым ваякам.

Натоўп у гэтую хвіліну быў маўклівы. Зрэб’е, шарачак, лыка, зьлямцованая кудзеля зьліваліся ў шчыльную сьцяну. Вочы, вочы, вочы — пакутны позірк анямеў на твары вялікага натоўпу.

Леапольд Гушка рушыў праз натоўп да ганку. І там загаварыў да прыстава: — не даваць яму падданства. Ня хоча ён ні падданства, ні зямлі. Усё адно ён паклаў на няўрадлівай камяніцы за ўсе гэтыя гады сілы і свае, і свае сям’і!

— А-а, Гушка! — абазваўся прыстаў.

— Але!

— Але! але! — перакрывіў яго прыстаў. «В такой день не можешь ответить русским языком».

Гушка адразу падаўся назад у натоўп. Узьнятасьць яго зноў пачала раптам ападаць.

Натоўп маўчаў. Пахла ўжо крывёю, жывым мясам з пад гармат. Натоўп стаяў. Сядзеў адно Сурвіла поруч з сынам, перабіраючы ў руках свае паперы.

Гэта быў малюнак таго дня па ўсёй Эўропе. Народы стаялі. Стаяў расійскі народ. Стаялі забраныя народы, зьяднаныя абцугамі пад сьцягам Расійскай імпэрыі. Іх гналі заваяваць сабе старое права: з жабрачымі торбамі на плячах дагніць свой век у вялікай турме, і перадаць гэтае права сваім дзецям.