Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/47

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ён прышоў туды, як вясельныя разыходзіліся. Добра ўднела ўжо. Тымчасам на вёсцы з іншай прычыны зьбіраўся народ. Ля Сурвілавае хаты ўсе яшчэ чыталі друкаваную паперу: маладыя мужчыны і хлопцы сёньня пакідалі сем’і і кіраваліся ў горад. Да паўдня там павінны былі быць усе.

Некалькі гэтых гадзін прайшло ў вялікім утрапеньні. Леапольд Гушка прышоў з Адасём дадому зьбірацца. А якія там могуць быць залішне вялікія зборы.

Паўдзённае сонца бачылі яны ўжо гатовыя ў дарогу. Маці млела на ганку. Адась і Няміра ішлі разам; бацька, Марылька і хтосьці з Няміравае сям’і таксама праводзілі іх у горад. Самы малады Гушка, Антусь, сядзеў у перадку Няміравага возу, гатовы пасадзіць усіх і везьці. Сумныя яго вочы глядзелі на ўсё гэта яшчэ ўсё з нявінным непаразуменьнем. Раптам Леапольд Гушка штосьці дзіка глянуў у хвойнік: конь, блытаючыся на нагах, нясучы шыю ў пярэдніх нагах, туляўся паміж каржакаватых хвой, бяручыся дадому. Да хлява ён не дайшоў, а перад ганкам кінуўся, і больш ужо не падняўся. З-за гэтага яшчэ на паўгадзіны адцягнуўся ад’езд у горад. Антусь зьлез з возу глядзеў гэтак, як глядзяць на пажар, ведаючы, што ад агню не ўратавацца.

— Што-ж ты не захацеў канаць ня дома, — жорстка сказаў Леапольд Гушка, садзючыся на кладку перад ганкам і падпіраючы рукамі твар.

Сухі бляск зьявіўся ў ваччу яго, твар набыў нейкую непераможную ўпартасьць, цегавітая маўклівасьць, што была ў яго заўсёды пры рабоце, заўладала ім.

— Няхай ляжыць, — скамандаваў ён, ня гледзячы на няжывога каня. —— Паедзем!

Пальцы рук яго сьціснуліся, скурчыліся; ён шугануў да воза, роўны, высокі. Здаецца камляватасьць у плячох яго раптам прапала.

Яны прыехалі ў самы рэзрух. У царкве скончылася адправа. Народу было повен гарадок. Перад ратушаю тросься сьцяг Расійскай імпэрыі. Поп у рызах стаяў на ганку ратушы з крыжам у руках. Адважны прыстаў стаяў поруч яго. Сурвільчык трымаў у руках нейкую паперку, чакаючы моманту, каб пачаць чытаць. Раптам Леапольд Гушка сьціснуў зубы, заўважыўшы: у прыстава за плячыма нярухома трымаўся вусаты сурвілаў твар. Сурвіла