Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/46

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Хтосьці з жанок заплакаў, загаласіў:

— А божа мой, божа, гэта-ж і сыну майму трэба ісьці. Пагоняць яго, небараку.

Жанчына згарнула рукі і яшчэ мацней загаласіла. У натоўпе ўжо стаяў Павел Няміра. Ён доўга не распытваў, ён зразумеў усё з першага слова: вайна, і яму заўтра-ж трэба ісьці ў войска. Унурыўшы галаву, ён падаўся ў хату да Марылькі.

Адась сядзеў поплеч з сястрою.

— І табе, значыцца, трэба ісьці, — сказаў да яго Няміра, — разам са мною і ты пойдзеш. Ты-ж цяпер расійскі падданы.

Белы, як палатно, Леапольд Гушка стаяў перад хатаю на дварэ, перад зорным небам, перад засьціламі балотнага туману з логу, на роснай траве, у няжывым месячным сьвятле. Ён адно чуў, як штосьці гняло яго, як згінала да зямлі, як не давала дыхнуць на поўныя грудзі; як сэрца яго тлела, марнела, сьціскалася, чэзла.



7. ДЗЕНЬ

Одум яго ўзяў позна: калі занядужала ноч на ўсходзе. Першая сьвітальная бялявасьць расплывалася там, дзе павінна было ўзыйсьці сонца, як Леапольд Гушка вярнуўся ў хату. Хата цяпер была пустая, вясельныя перайшлі на вёску, у Няміраву хату. Прыслухаўшыся, ён пачуў, як ад вёскі чулася яшчэ скрыпка — што-б там ні было, а дагуляць вясельле трэба. Можа таму і не заўважылі былі спачатку, што бацька не пайшоў з вясельлем, з дачкою, у зяцяву хату, што зрабілася ўсё гэта было ў гэтакім трывожным рэзруху. Ён адно цяпер успомніў, што хтосьці цягнуў яго тады і ён адказаў, што зараз ідзе.

Цяпер ён стаяў на дварэ, ля хаты. Штосьці грукнула раптам у хляве за хатаю. Ён пайшоў туды. На гнаі біўся капытамі і шыяй конь. Гушка тут зусім апрытомнеў. Ён на ўсю вялікю сілу сваю ўзарваў плячуком небараку каня і памог яму стаць на ногі. Але той зноў пачаў лажыцца. Тады ён зразумеў усё: зноў рвануўся на ўсе свае жылы і пацягнуў каня ў хвойнік, далей ад сялібы, каб неўзабаве не давялося прасіць людзей памагчы цягнуць яго няжывога. У ціхім хвойніку ён і пакінуў яго.

Што-ж, ісьці цяпер яму на вясельле, ці не?