Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/45

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ён усё стаяў ля сына, як той пераадзяваўся, каб увесьці яго ў хату самому, каб пахваліцца вялікаю сваёю радасьцю перад людзьмі. Адась, кінуўшы вока на хату, убачыў, што ў расчыненых дзьверах стаяла маці. Ад гэтакае нечаканасьці яна як-бы зьбянтэжылася, стаяла ля дзьвярэй і плакала.

— Адась прышоў! — гукнуў Леапольд Гушка, ідучы за сынам у хату.

Адась і сам прыбянтэжыўся ад гэтае ўсяе нечаканасьці. Ён пайшоў да сястры і Няміры і горача прывітаўся з імі.

Які нязвычайны дзёнь! Адзіны дзень у жыцьці! Леапольд Гушка бачыў перад сабою берагі шчасьлівае зямлі, да якое плыў з самых маладых год сваіх.

Цяпер пачалася радасная ўрачыстасьць. Пачалася весялосьць. Прайшла гадзіна, праходзіла другая. У хаце зырка гарэлі дзьве лямпы. Дзяўчата засьпявалі. Хлопцы падцяглі. Сам Леапольд Гушка падняўся на сваім месцы за сталом і нечакана сам для сябе ўспомніў старасьвецкую песьню, якую дзесьці калісьці чуў, і першы раз на жыцьці сваім ён засьпяваў:

Дай-жа божа добры час,
Як у людзей, так і ў нас,
І добрую гадзіну —
Разьвесялім радзіну.

Ён яшчэ пасьля свае песьні доўга стаяў, як-бы стараючыся ўпэўніць самога сябе, што — і Адась дома, і зямля ўжо ў яго ў руках, і ўсё, і ўсё добра пойдзе.…

Стол канчаўся. Дзяўчаты і хлопцы вышлі на хату, загаманілі яны і на дварэ. Была месячная ноч. Падышлі вясковыя музыкі, Няміравы прыяцелі, дзьве скрыпкі і цымбалы. Музыкі ўтнулі танцы.

За сталом асталіся сядзець адны старыя.

Да хаты пачалі на музыку, на танцы, зьбірацца людзі з вёскі. Людзі ўсё ішлі і ішлі. І ў тэй меры, як яны ішлі, нейкая трывожная гаворка пайшла паміж іх. Раптам сабраліся ў натоўп, раптам сьціхла музыка, раптам хтосьці адзін моцна загаманіў, а ўсе змоўклі, як сьцяна.

Што гэта!

— От нядаўна! З гораду прыехаў пасланец і выклеіў на Сурвілавай хаце.

— Можа ня прачыталі добра? Хто чытаў?

— Усе чыталі.