Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/44

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Дзесяцкі падаў гаспадару паперу. Той глядзеў, глядзеў у яе і аддаў назад, крыва ўсьміхнуўшыся:

— Я па-расійску слаба…

Дзесяцкі прачытаў моцна, і ўсе госьці чулі, што Леапольд Гушка з сям’ёю (была пералічана ўся сям’я) робіцца расійскі падданы.

Госьці зашумелі, загаварылі больш, Гушка, здаецца, абняў-бы дзесяцкага, каб не перашкаджаў стол. Ад гэтага дня ён, Леапольд Гушка, забірае ў Сурвілы свае дзьве дзесяціны зямлі. Ды яшчэ як сказаць. Яшчэ-ж гэтая дзяляначка за ім астанецца. Ён-жа яе гэтак урабіў, гэтак выпытляваў, што не пазнаць цяпер яе. На ёй добра радзіць пачало. Можа яму Сурвіла яе аддасьць на выплату.

— Садзіся, чалавеча, за стол, — сказаў ён да дзесяцкага.

Дзесяцкі сеў і пачаў баляваць разам з усімі. Леапольд сам наліў яму першую чарку.

Цяпер сапраўды Леапольд Гушка ўсьвядоміў, што дзень гэты яму нязвычайны, адмысловы, адзіны на ўсё жыцьцё: Марылька замуж ідзе. І ўздым апанаваў Гушку. Які чалавек вясёлы і радасны, калі ўсё на сьвеце яму добра ідзе!

Дзень той сапраўды быў нязвычайны. Усёадно як ісьціся пачало на радасьць чалавеку: хтосьці хадзіў перад вокнамі на дварэ.

За хвілін колькі да ўсяго гэтага, абшарпаны, высокі хлопец падышоў з кірунку ад гарадка да каржакаватага хвойнічку.

Ён не пайшоў адразу да хаціны, а агледзеў вёску з узгорку за полем. Ён як-бы не сьпяшаўся. А можа ён быў вельмі стомлены, што гэтак паволі ішоў. Як-бы там ні было, ён прайшоў яшчэ паўз вокны, пакуль ісьці ў хату. Тады яго і заўважыў пад вокнамі стары Гушка. А як толькі заўважыў, адразу кінуўся з-за стала, выбег на двор, адно госьці з непаразуменьнем глянулі на яго.

— Адаська! — закрычаў бацька, кідаючыся да сына ў парозе. — Ах божа-ж мой, Адаська!

Ён не выпускаў сына з рук, ашчаперыў яго навокая шыі.

— Што гэта ў хаце? — сказаў сын.

— Якраз-жа цябе бог прынёс, сын. Марылька замуж ідзе. За Паўла. За Няміру… Ня ідзі гэтак у хату, Адаська! Пачакай, я табе вынесу свой картовы гарнітур, ня ідзі гэтак, як ёсьць, у хату.