Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

прыслухоўваючыся рухавым вухам да вясны касьцісты небарак конь, выкуплены ад Сурвілы за апошнія капейкі.

Як сьцякла вада і тужэла зямля, абмытае каменьне на ўзьлеску блішчэла пад сонцам, пакуль лета ня ўкрые яго тонкім засьцілам бялявага пылу. І вясна, і лета, і пасьля зноў восень — цяглі за сабою бесканцовае вужышча цегавітай работы. Каменьня на полі ўжо нябыло зьверху, адно траплялася яно ў зямлі, аб яго скрыгітаў плуг. Каменьні на гушкавым узьлеску ляжалі цэлыя сьцірты, але шаша скончылася і больш ня было куды вазіць яго: каму тут патрэбен быў гэтакі матэрыял, тут усё навокал было адбудавана, улегавана, нярушыма. Царкоўныя, касьцельныя і замкавыя вежы маглі яшчэ прастояць стагодзьдзе і больш, муры бэрнардынскага кляштару і так пуставалі. Сярэднявечча заснула тут на абшарпаных, але моцных яшчэ сьценах. На пустых званіцах зімавалі кажаны, гракалі вораны, пад імі, праз браму з адарванай аднэй форткай, праходзілі кожную раніцу тыя два ксяндзы адпраўляць сваю кожнадзённую імшу ў касьцёлах. Яны ўздыхалі і ўважалі сябе за вялікіх прыгнечаных пакутнікаў за зганбленую праўду чалавечага мінулага, калі красавалася яшчэ калісьці тут бэрнардыны і водгаласкі інквізыцыі даходзілі сюды вельмі выразна, у гэтае места, над якім панавалі вежы княжацкага замку.

Расійская прыстаўская канцылярыя вельмі добра падышла да старое ратушы, як усё-адно на яе яна і будавалася стагодзьдзі да гэтага. Разгладжваючы вусы, прыстаў кожны дзень красаваўся ў гарадку, паліцэйскія арлы аддавалі ўсю сваю шчырасьць і таленты на непарушнасьць вялікай Расійскай імпэрыі на касьцёх бэрнардынскае вялікасьці ў гэтым гарадку.

Адзін з ксяндзоў, нарэшце, пачаў заўважаць Леапольда Гушку. Было гэта на споведзі. Праз кратчастае акенца спавядальні, ксёндз, распытваючы ў яго пра ўсялякую нават драбязу, дазнаўся раптам, што ў яго праваслаўная жонка. І тут Гушка пачуў гнеўны шэпт зьняважанага гэтакаю навіною духоўніка. Нарэшце Гушка задаўмеўся, што духоўны ойча ўпікае яго за тое што ён гэтулькі пражыў з праваслаўнаю жанчынаю, пагадаваў ад яе дзяцей, і нічога дагэтуль не зрабіў і нават не спрабаваў рабіць, каб давесьці яе да праўдзівае перад панам богам каталіцкае веры. Тымчасам, жонка праз нейкі час паскардзілася яму, што чула гэта на споведзі, толькі ў кірунку да