Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

праваслаўя, ад папа. Чалавек з жонкаю пагаварылі пра гэта на сьвежую памяць, пасьля — ён пайшоў на сваё поле, на Сурвілаву камяніцу, а яна — у лог, жаць ярыну. Марылька жала з ёю. Антусь да гэтае пары вышаў ужо з пастухоў і першы год зарабляў сталым заработкам сабе на хлеб і адзежу, рэшта-ж, што трэба было яму звыш гэтага, ішло Сурвілу на выкуп зьлізанага аб зямлю плуга, бараны, хамута…

Дзень хіліўся да вечара. Жаць яшчэ аставалася крыха. Марылька з маткаю стараліся скончыць, хоць прыцемкам. Самога Гушкі ні на полі, ні дома ня было, ён, урваўшы на гэта ў гарачую пару вольны дзень, зарабляў дзесьці з канём у гарадку, ці за ім. Яго чакалі дома з хвіліны на хвіліну.

Раптам маці выпусьціла з рук сноп, пахілілася галавою на плячо і прысела на мяжу. Яна яшчэ старалася, каб як гэтага не заўважыла Марылька — дагэтуль заўсёды гэта ёй удавалася: нашто палохаць сям’ю, мала ім і так бяды, жывучы на сьвеце. Але гэты раз ёй было горш, як заўсёды, губілася прытомнасьць. Яна ціха паклікала Марыльку. З спалохам прыбегла Марылька да маці, з гэтакім-жа спалохам адпаіла яе вадою з біклагі — завяла дадому. Нікога ў пустой хаце ня было. Яна пабегла да людзей. Куды бегчы. Яна пабегла сьцежкаю на вёску. Самі ногі скіравалі яе на двор да Паўла Няміры. Той кінуў усю сваю работу і прайшоў да Гушкавых. Сам Леапольд быў ужо дома, маці сядзела на пасьцелі і спрабавала ўставаць. Леапольд Гушка маўчаў.

— Заўтра ў горад…, — панура сказаў ён пасьля. І, нецярпліва чухануўшы калена, кінуў з сашчэмленых зубоў: — Божа мой, божа, самая работа, і так няма каму рабіць.

— Я заўтра магчыму рабіць, гэта са мной не першыня, — пацешыла жанчына.

Марылька заплакала, Гушка больш унурыў галаву. Няміра паглядзеў на ўсіх. Леапольд Гушка пачаў сьцьвярждаць факты:

— Якое дзіва, што яна ўсе сілы свае страціла. Гэтулькі яна тут адных камянёў папацягала, гэтулькі дзірвану гэтага пападрала. Я здаровы, а й то…

Няміра пайшоў на змроку. Марылька правяла яго з хаты, ды так і прайшла з ім аж да самае вёскі. Там была навіна, нават дзьве, але першую Марылька і Няміра пачулі з абіякавасьцю: