Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/38

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Нарэшце ён ужо ня меў аніякага намеру калі-небудзь адцурацца гэтае дзялянкі, няйначай як-небудзь яе трэба будзе далучыць да тых дзьвёх дзесяцін.

Але Павал Няміра не даваў яму як мае быць улягаваць у сабе назаўсёды гэтую думку. Ён прыходзіў сюды часамі і ківаў галавою:

— Няхай-бы яна гарэла, гэтакая зямля!

— Ну, а што я іначай зраблю.

Няміра адно паціскаў плячыма, не згаджаўся, але і не казаў нічога выразна. Леапольд Гушка тады гаварыў:

— Вядома, хто спадвеку мае сваю зямлю, дык таму лепш цяпер, абжыўся. А я пычынаю жыць з гэтага. Нічога, год за годам, год за годам… Пачакай, хай адно падданства прыдзе.

— А я як жыву? Гэтак сама на дзьвёх дзесяцінах. Што, гэта я жыву? Я гнію, а ня жыву.

Яны тады абое, хоць адзін быў малады, а ў другога ўжо дзеці вялікія былі, садзіліся, як спрадвеку таварышы, на адзін з камянёў і пачыналі гаварыць. Гушка пасьля з одумам уставаў, ня скончыўшы гаворкі і сьпяшаў шпарчэй да пярэрванае работы. Няміра браўся дадому, глядзеў рухавым вокам на спарахнелую салому на застрэшшу, на бацькаўскую хату, на платцы навокал, на засохлую брудаватую гразь на вуліцы, нахмурваў бровы і запрагаў шпарчэй каня, каб надалужыць страчаны час.

На полі корпаліся людзі, цешыліся з новых дзяляначак зямлі, што натрапіліся ім пасьля панскага продажу. Па іржышчы блыталася восённае белае павуціньне, птушкі зьбіраліся ў вырай, сонца хадзіла нізка. Шарачак, зрэб’е, зьлямцаваная кудзеля варушылася разам з людзьмі на загонах, на межах. Ішоў па дарозе пыл, блекла ўвосень зяленіва, ветракі скрыпелі скрыдламі, перамолваючы дробнае жыта на чорную муку. Лясы ўзвышаліся шчыльнымі сьценамі, княжацкія і панскія аб’ежчыкі стаялі па каморах. Каршакі падпільноўвалі дробнае птаства; біліся на ралы палявыя дзічкі. Восень нясла смугу і доўгія ночы.

Вёсны прыходзілі з каламутаю сьнегавое вады. Вада бегла імклівымі ручаінамі з узгорку, з хвойніку, праз яго ў балотную лагчыну. Цэлымі начамі тады Гушка чуў з хаты, як ваюе вада пад узгоркам. За хатаю, у прыбудаваным аполкавым хляве,