Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/36

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Вам-жа трэба заводзіць гаспадарку, і ўсё… Я вам свайго гнядога канюка дам на выплатку. Ён хоць стары, але яшчэ пацягне, лішне яго не прыціскаючы… З богам, значыцца.

Гушка спачатку не адважваўся. Хадзіў у хату радзіцца з жонкаю, нават з Марылькаю… У якой бядзе ня быў ён, а ўсё-ж палохала яго гэтая камяніца. Нарэшце, праз некалькі гадзін, яны старгаваліся: першыя два гады, пакуль распрацуецца камяніца і дзірванец, Гушка нічога ня будзе даваць Сурвілу. А з трэцяга году будзе даваць яму трэці сноп.

— Дык няўжо аж тры гады якія мне падданства ня прыдзе? — спалатнеў раптам, адумаўшыся, Леапольд Гушка.

— А мы нічога ня можам тут, я-ж кажу, ведаць, гэта справа канцалярская, а мы перад ёю, я-ж кажу, простыя людзі.

— А калі прыдзе?

— Ну дык тады возьмеце свае дзьве дзесяціны.

Пасьля гэтага Сурвіла пацягся дадому, мармычучы сабе пад нос:

— Урабіўшы гэтую камяніцу і гэты лажок, дык тады хоць і паплавец тут можна будзе запусьціць. А тым часам, значыцца… (тут ён памаўчаў) — значыцца, перабраўшыся на хутар, тут паша можа быць добрая, каб адно ён мне яе распрацаваў добра… За гадоў тры-чатыры, ён мне можа гэты кавалак на юхт вырабіць, выпытлюе гэтак, што…

Ён мармытаў доўга, аж пакуль ня прышоў дадому, кладучы сьлед цяжкімі ботамі на зялёнай траве.



5. ЗЯМЛЯ

З тых дзёнь яго заўсёды бачылі тут. Дзе-небудзь пад імшыстым каменьнем, ад сонца хавалася біклага з вадою, сюды ён прыходзіў сярод работы піць ваду, піў яе доўга, закінуўшы ўгару твар і трымаючы над ім драўляную біклажку, пасьля выціраў рукавом пот з ілба і зноў браўся рабіць. Дзень пры дні ён вазіў каменьне да гораду на шашу і кожны раз не забываўся акінуць вокам рабочых — ці ня зьявіўся сярод іх Адась. Дробныя каменьні ён пазвозіў усе, а вялікія пакінуў на зіму рваць іх порахам. На восень зазябліў клін, каб да зімы ўпрэла ральля,