Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

выпрастаў з пад вецьця таўшчэйшы кавалак камля і пачаў адпілоўваць. І чым больш піла ўядалася ў дрэва, чым больш яму ўсё цяжэй рабілася пілаваць аднаму, тым спакайнейшы ён рабіўся. Неўзабаве ён адно цягаў пілу, стараючыся шпарчэй адпілаваць: стражнікі часамі мелі звычай абыходзіць лясы з цямна. Адпілаваны кавалак ён узваліў на плечы разам з пілкаю і пайшоў назад дахаты. Пачынала сьвітаць. Ён запаліў у сенцах газоўку і раскалоў пень на дзьве плашкі, акарыў і лепшую плашку адразу пачаў габляваць. Грукаючы, ён паабуджваў усіх у хаце. Марылька не паднялася, а маці ўспаролася, пытаючыся, што яму гэта ўзбрыло на думку рабіць уначы ўлетку.

— А што я пакуль што буду рабіць. Унь людзі просяць калёсы парабіць, абадоў панакуплівалі, а на чым я, на сьцяне буду іх рабіць. А ў дзень я вазьму дрэва варштат зрабіць… Пакінь адно плашку неабробленую, дык — хто мне можа сказаць, што стражнік ня гляне да мяне ў хату. На, патрымай, я ўраўную тут.

Ён яшчэ, як добра разьвіднела, з гадзіну заснуў, пакуль зноў брацца за работу.

Сонца ўзышло ў тумане, ясная імгла цярусілася перагонамі з неба. Ён ужо канчаў сваю гэтую простую штуку — варштат на колы, як у сенцы ўвайшоў Сурвіла.

— Ну што, чалавеча, пра падданства яшчэ няма нічога з канцаляры? — Хітра сказаў Сурвіла.

— Няма.

— Дык я, чалавеча, гэтак мяркую — можа там ня вельмі сьпяшаюць з гэтым, можа дзе паваляюцца яшчэ паперы, можа ня хутка будзе яшчэ гэта… Дык, пакуль што, бярэце, суседзі, я-ж кажу, гэты клінок каля свае хаты і рабеце. Рабеце сабе, кажу. А калі прыдуць паперы пра падданства, дык тады я вам адвяду вашыя дзьве дзесяціны, паедзем у канцыляру, запішам, пячатку, я-ж кажу, прыб’ем… А, пакуль што, як-жа нам абфармаліцца з гэтаю зямлёю, калі яшчэ вам падданства ня прышло. Рабеце, пакуль што, гэты кавалак, я-ж кажу.

— А як-жа я тут рабіць буду?

— На палавіну мне.

— На палавіну? (Леапольд Гушка акінуў вокам камяніцу і лог.)

— Тут-жа, на палавіну, дык вельмі крыўдна будзе.