Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/34

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сурвіла паехаў далей, а стары Гушка пабег у вуліцу. Ён выбягаў за горад, туды, дзе пракладалася шаша, але там ужо нікога з рабочых ня было. Ён, сам ня ведаючы навошта, абегаў за той вечар увесь горад і дадому начаваць не пайшоў. Начаваў ён дзесьці на самай глухой вуліцы ў карчомнай стадоле, а назаўтра, ледзь занялося на дзень, кінуўся на новую шашу. Нецярпліва прычакаў ён пачатку работы і абышоў усіх рабочых, шукаючы Адася. Але не знайшоў.

— Няўжо ня бачылі? — распытваў ён усіх, — малады, ногі ў анучы пазакручваны і молат у руках.

— Ва ўсіх нас ногі ў анучы пазакручваны і молаты ў руках, — адказвалі яму, аж пакуль ён не апрытомнеў і ня ўбачыў, што сапраўды тут усе падобны адзін на аднаго.

Цалюткі той дзень ён правандраваў па горадзе і не напаў на сьлед. Вельмі павольнаю хадою ён варочаўся назад, да свае хаты ў каржакаватым хвойнічку. У пустую хату больш яму ісьці не хацелася. Сэрцам сваім ён чуў: Адась панёс кудысьці сваю крыўду, знаёмую яму самому з таго часу, калі аканом хацеў яго шлягануць нагайкаю. Ён і сам не стараўся разабрацца цяпер, чаму яго гэтак устрывожыла, што Адась раптам апынуўся з двара на іншай рабоце. У вушшу яго стаяў адказ аднаго з рабочых на шашы: «зьнік недзе раптам, калі гэта той, каго вы шукаеце».

Была ноч, калі ён вярнуўся дахаты. Як чорная кузьня яна стаяла тут на самоце. Балота тхнула туманам, каменьне на ўзгорку перад ім шарэла ў змроку. Цяжка варушылася ў сзрцы — голыя сьцены ў хаце, Сурвілава маўчанка з зямлёю, далячыня яшчэ да тае зямлі, на якую толькі малы задатак удалося даць…

Думкі ў яго ня ішлі, а стаялі, навісалі над сэрцам, як хмары на небе. Пайшоў драбнюсенькі дождж. На небе ясьней крыху было там, дзе павінен быў быць месяц.

Паволі падышоў ён пад хату. Пастукаў у акно і сказаў у хаце, што Адась пайшоў на іншую работу. Сон яго ня браў: трэба рабіць, жывучы, а не сядзець рукі склаўшы. Ён раптам падняўся паволі і доўга падпяразваўся па вопратцы. У сенцах абмацаў на сьцяне папярочную пілу і падаўся з ёю праз балота на той бок ручаіны, дзе стаяла града лесу. Там ён доўга ня шукаў таго, што некалькі дзён да гэтага заўважыў: бураломнае дрэва, даўно сухое, ляжала пад навіссю гальля і вецьця. Ён