Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/33

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І сам кінуўся сьледам за сынам ліць яму ваду на твар. Мыючы сынка, ён усё гаварыў, гаварыў:

— …Ты-ж ня ведаеш яго… Ты дома ня жыў, дык і ня ведаеш… А і ён таксама гэты парабчук у бацькі ня жыў… А божа, а божа…

Хмуры Сурвільчык пасьля гэтага падняўся на кватэру адхайвацца, а стары Сурвіла, пакуль прычакаў часіны яшчэ пагаварыць з прыставам, успамінаў, мармычучы сабе пад нос:

— Ён, гэты Леапольд, як і грошы мне даваў, дык вельмі скоса паглядаў на мяне, як-бы я яго сілком цягнуў у гэты хаўрус. Што я яму павінен чакаць, пакуль ён мне адробіць, што я за яго пану заплаціў… Каб пасьля гэты яго парабчук паказваў сьмела свой галетніцкі дух…

Плян у яго высьпеў тут-жа адразу. Успомніўшы пра дзежку мёду і ня спускаючы з думак нядаўнага здарэньня з Гушкавым, ён адразу пачаў з прыставам пра справу:

— Тут мяне, ваша благародзьдзе, на тэй зямлі ўсё, ёсьць камяніца. Гэтакі неўрадлівы кавалак поля. Яго можна вырабіць, ачысьціць ад каменьня, тады дагледзець, дык і поля ніштаватае будзе. Бацька гэтага самага Гушкі там якраз жыве ў мяне. Няхай-бы ён вырабіў мне гэты кавалак…

— Дык што я павінен зрабіць? — гледзячы кудысьці паверх усяго і стараючыся хутчэй адчапіцца ад Сурвілы цяпер, сказаў прыстаў.

— А каб з гэтым ягоным падданствам пачакаць крыху, тады-б ён на іншую зямлю не палез-бы і там сядзеў-бы. Я думаю, калі бог дасьць, яшчэ забагацею больш, дык і пчол больш разьвяду…

Прыстаў адразу скеміў, што ад яго патрабавалі. Праз некалькі хвілін ён выправадзіў узрадаванага Сурвілу з пакою.

Сурвіла выбраўся дадому позна. Зьмяркалася. На выязьдзе з гарадка, ён заўважыў высокага чалавека, што ішоў, проста такі подбегам у горад. Чалавек заўважыў Сурвілу і падбег да яго.

— Гушка, Леапольд! — гукнуў Сурвіла, прыбянтэжыўшыся.

— Мне паказалі людзі… Я бягу шукаць яго.

— Каго? — схітрыў Сурвіла, здагадаўшыся адразу.

— Адасіка. Казалі, што нешта нядобрае з ім сталася: ужо не ў двары робіць, а сядзіць дзень пры дні на дарозе, б’е молатам каменьне. На яго, кажуць, страшна глянуць — ногі ў анучы закручаны і молатам дзень пры дні б’е. Схуднеў, казалі, хто бачыў. Божа мой, божа, што з ім сталася!…