Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

трэба былі, якія я меў, якія бацька мне пакінуў, каб прыняць расійскае падданства. Бяз гэтага — зямлі нельга купіць, сам прыстаў мне пра гэта казаў.

На сынавым твары анічога не заўважыў ён новага ад гэтага паведамленьня.

— … Я табе, сынку, скажу. Я меркаваўся з маткаю. Мы з ёю ўсё перагаварылі. Я здаровы чалавек, я вазьмуся за справу гэтак, што ніхто ніколі гэтак ня браўся. Мы з маткаю дамо рады і даўгом, і зямлі. І на чужым кані рабіць доўга ня буду — як бачыш свайго прыдбаем. А ты, сынку, якім рублём і паможаш бацьку. Калі пачнецца свая гаспадарка, дык і ты тады парабкоўства кінеш. Тымчасам, Антось яшчэ малы, ён па людзях паробіць пакуль, а Марылька пры хацё будзе…

Увайшлі ў хату і ён, ня спыняючы гаворкі, пачаў хапаць клункі і пакаваць у воз. Пасьля з Нямірам вынесьлі шафу і ўвязалі яе вяроўкамі, а пасьля яшчэ сёе-тое вынесьлі, так што маці аж ня стрывала:

— Ой, гэта-ж нічога ў хаце не астанецца.

Бацька на гэта нічога не адказаў і яна памагла ўмасьціць воз.

Няміра, як сабралі ўжо воз як мае быць і гаспадыня паклікала ўсіх у хату сьнедаць, паглядзеў на воз, паківаў галавою, і ня сьцерпеў:

— Я думаў, што вы адно сёе-тое прадасьце, аж вы ўсё як ёсьць. Што-ж у вас асталося пасьля гэтага? Вы-ж на дзьвёх дзесяцінах, калі нават вы іх і выкупіце, ці набудзеце ўсё гэта назад?

— Я за парабка быў і набыў, — хмурна абазваўся Гушка.

— Унь мы жывом на дзьвёх дзесяцінах, дык скажу вам, што яны, гэта дзьве дзесяціны, самі зьядаюць усё, а нічога не даюць. Ніхто з нашай сям’і на лепшую адзежыну ніяк не ўзаб’ецца каторы год, хоць і ня трэба мне набываць гаспадаркі ўсяе спачатку, як гэта вам прыдзецца.

— А што ты зробіш, — панура абазваўся Гушка і ў голасе яго загучэла ўпартая нецярплівасьць.

Няміра адно паціснуў плячыма.

— От-жа бачыш. Што-ж, ісьці мне на дарогу рабаваць людзей?!

Няміра зноў паціснуў плячыма.