Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Сонца засьвяціла проста ў акенцы гэтае хаціны, рухавы пыл пайшоў па хаце ад акна залатым слупам.

— Я-ж яшчэ ў печы не падпальвала, кешкаючыся. Можа ты і есьці хочаш пасьля дарогі?

— Нічога, вяжэце сабе, рыхтуйцеся…

Жанчына глянула на сына нейкім баязьлівым позіркам, пачуўшы ў ягоных словах як-бы зьдзек. Штосьці яна хацела сказаць, але ён шпарка выйшаў з хаты. Яна асталася адна. Рукі яе апусьціліся, не давязаўшы вузла, і рагі ў прасьцірадле распаўзьліся з пад рук, а з прасьцірадла зноў зьявілася перад яе вачыма чыстая адзежа, на якую дагэтуль яна не дазваляла і пылінцы сесьці. Раптам яна ўстрапянулася і завязала клунак. Усё было скончана, цяпер яна пачала брацца за печ.

На дварэ Адась пачуў лёскат драбін. Ад вёскі, паўз хвойнік, ехаў хлопец з вёскі, Павел Няміра і поруч з ім на возе сядзеў бацька. Не даяжджаючы яшчэ да хаты, ён убачыў сына і саскочыў з драбін яму на спатканьне:

— Адаська, ты бачыш што мы робім? Маці казала ўжо табе, ці ты яшчэ ў хаце ня быў? — загукаў ён шырокім сваім гарлавым голасам, весела пасьміхаючыся сыну. — Ты адно паслухай. Гэта ні то што за парабка. Тут сярод людзей… Няхай яму там і сапраўды па жываце хлопае. Ха-ха-ха… Адаська, хадзем у хату хутчэй.

Бацькава жыцьцёрадаснасьць штурханула і Адася. Ён пайшоў поплеч бацькі, а ззаду пад’яжджаў Няміра. Як зьлез Няміра з воза ля хаты, Адась тады заўважыў, што ён як-бы ў дарогу сабраны: гэтак Адась дагэтуль прывык яго бачыць толькі тады, калі ён ехаць куды зьбіраецца. Суконная, не па леце, вопратка была на ім падперазана, а на нагах былі грымучыя боты.

— Куды сабраліся? — запытаў Адась.

— Ну а з бацькам-жа тваім. У места.

— Павязом, брат, набытак продаць. (Бацька ўздыхнуў, але тут-жа адагнаў ад сябе гэтую хмурнасьць і напусьціў на сябе ранейшую гаварлівасьць). Чорт яго бяры, гэтыя транты, па-чалавечы жыць хачу. (Гаваркі гэтакі бацька ніколі ня быў дагэтуль. Натура яго бадай што пачала рабіцца маўклівая). Я табе, Адаська, скажу па-бацькаўску. Ты яшчэ быў малы, як я першы раз падумаў быў, каб як ад панскага парабкоўства адчапіцца, але і бацьку пахаваў свайго пасьля гэтага, а ўсё за парабка служыў. Ах, ліха яго бяры. Ведаеш сынку, я падаў прашэньне і ўсе паперы што