Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Дзе гэта?

— А от што пан зямлю прадае. У раздроб ня хоча, дык трэба добрым гаспадаром згуртавацца і адкупіць. Ня чулі хіба што пан зямлю прадае?

— Чуць то чуў.

— Ну дык чаго-ж?

Пакуль яны прайшлі палавіну дарогі да Сурвілавага возу, дык ўжо гладка дагаварыліся да таго, што ім абодвум патрэбна было. Мазавецкі, часамі, нават трымаючы Сурвілу за локаць, гэтак разьвіваў сваю думкі:

— Вы, пане Сурвіла, ня думайце, што мы прагадаем, калі зьбяром на гэтую куплю вялікі гурт. Мы можам нават усялякае галетніцкае драбязы назьбіраць, няхай дадуць хоць па сто рублёў кожны. На гэтыя грошы мы і адрэжам кожнаму, колькі яму варта будзе павэдлуг яго часьці. Нам абы ня выпусьціць, пане Сурвіла, я-ж кажу, з рук лепшых кавалкаў, нават каб і па паўвалокі захаваць за сабою, але я думаю, што і па валоцы, а можа нават і больш загорнем у рукі. Галетніцкая драбяза, я-ж кажу, нам ня страшна. Абы іншага купца сюды ня пусьціць. Бо тады, калі захочам у яго адкупіць крыху, дык яму зарабіць трэба будзе даць не малыя грошы. На колькі ў вас, пане Сурвіла, грошай можа хапіць?

Сурвіла адказаў не адразу. Гэта Мазавецкі адразу можа сыпануць словамі: розум ён мае вастрэйшы. А Сурвіла, дык гэты мае галаву тупейшую і мазгі павальнейшыя. Але ўжо затое калі наважыць што, дык тады ніхто яго не перапрэ. Калі ўжо ў які бок яго мазгі павернуцца, дык хоць калом іх тады падважвай, усёадно назад не адвернеш. І цяпер, падумаўшы, колькі яму ў меру трэба было, ён усталяваў думку, што і сапраўды лепш ня прыдумаеш. Дык ён кінуў галавою ў знак згоды. Мазавецкі зноў загаварыў:

— Ну дык згуртоўвайце людзей, якіх ведаеце, а я таксама ня буду спаць у шапку.

— Гэта трэба падумаць каго. Спрадвеку кажуць, што хаўрус — гэта гнюс. Вазьмі каго ў хаўрус не памеркаваўшы, дык тады…

— Ну дык памятайце… От, напрыклад, першага гэтага сьлянзака, Гушку гэтага. Ён даўно падае каб дзе зямлі. А тымчасам у яго сёе-тое з грошай павінна знайсьціся. Я хоць у яго кі-