Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

шэню не глядзеў, але думаю, што ён сабраў крыху. Ён зборлівы чалавек. І працавіты. Ён у мяне з сям’ёю вясною як рабіў на полі падзенна дык — я ведаю: ты адно націскай на яго і ён табе як вол будзе работу варочаць. Вам гэта трэба з ім пагаварыць, бо тая мясьціна, дзе ён пабудаваў сабе хату, якраз-жа з вашым палеткам мяжуецца. І вам, купіўшы, якраз прыдзецца браць тую зямлю, што датыкаецца да вашай мяжы.

— Гэта праўда.

— Ён якраз сёньня тут. Я яго на імшы ў касьцёле бачыў. От вы яго зараз-жа і знайдзеце. А не, дык я яго зараз напэўна ўбачу, ён яшчэ павінен быць ля касьцёлу, я яго напэўна па дарозе спаткаю, я ў той бок іду.

— Добра. Прышлеце яго сюды, я буду ля свайго воза, ля ратушы.

Гаворачы гэтак, яны падышлі пад ратушу. Прыстаў усё яшчэ сядзеў там, але ўжо на крэсьле. Перад ім стаяў маленькі складаны столік і ён на ім запісваў у кнігу прозьвішчы праштрафленых за невашта на кірмашы сялян. Ён быў адданы службіст і перад народам сам любіў часта рабіць гэтакую работу:

— От і воз мой, — сказаў Сурвіла.

Мазавецкі ўбачыў Сурвілаў воз, прывязаную да яго добрую кабылу, пярэднімі нагамі на расьцярушанай зялёнай кошанцы, і на возе ніштаватую дзежачку.

— Прадаваць што прывезьлі, пане Сурвіла.

— Не, гэта мёду прыставу.

Сказаў ён гэта важна і шчыра, бо цяпер трэба было паказаць Мазавецкаму, што з ім, з Сурвілам, ня страшна пачынаць гэтакую вялікую справу, як купля зямлі ў пана: з ім-жа сам гарадзкі прыстаў добра, значыцца, знаёмы. Але пра гэтае знаёмства Мазавецкі і так добра ведаў. Ведаў нават (пра гэта адразу цяпер падумаў), нашто Сурвіла прыставу і мёд гэты якраз-бо сёньня прывёз: усе гаварылі, што Сурвіла мяркуе ўмясьціць свайго сына прыставу ў пісары. Сына, гэтага ўрвіцеля, якога за распусту тым годам звольнілі з гімназіі.

Мазавецкі пайшоў. Сурвіла пачаў чакаць пакуль прыстаў скончыць.

Нарэшце прыстаў вызваліўся. Ён устаў, пацягнуўся перад усім народам, заядла пазяхнуў, аж сківіцы ў яго трэснулі, і зрабіў выгляд, што толькі цяпер заўважыў Сурвілу.